Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: “Каля заля агрэсіўная – у мяне больш энэргіі”


Радыё Свабода Сёньня кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч завяршае сваю агітацыйную паездку па Берасьцейскай вобласьці. Ён правядзе прэсавую канфэрэнцыю і сустрэчы з выбарцамі ў Берасьці, Драгічыне, Пінску. У перадвыбарчым штабе Мілінкевіча рыхтуюцца да таго, што актывісты БРСМ чарговы раз могуць паспрабаваць сарваць ягоныя размовы з выбарцамі.

Аляксандар Мілінкевіч ужо наведаў чатыры гарады на Берасьцейшчыне: Бярозу, Белаазерск, Баранавічы і Кобрын. Нягледзячы на тое, што ўлады даюць памяшканьні, заўважныя намаганьні апанэнтаў Мілінкевіча на мінімізацыю ягонага ўплыву ці нават на зрыў сустрэч. Кіраўнік Берасьцейскага абласнога штабу Мілінкевіча Юры Губарэвіч вызначыў пэўную заканамернасьць:

(Губарэвіч: ) “Правакацыі магчымыя ў вялікіх гарадах, і я не выключаю, што яны могуць быць у Бярэсьці і ў Пінску. Як паказала практыка, у малых гарадах вельмі цяжка знайсьці такую “адмарожаную” моладзь, якая б, не зважаючы на нейкія маральныя нормы, выкрыквала, раўла, не рэагуючы ні на якія заўвагі і спрабавала сарваць сустрэчы”.

Размова са спадаром Губарэвічам адбывалася ў Кобрыні, дзе актыісты БРСМ, як раней гэта было ў Баранавічах, імкнуліся сарваць сустрэчу Мілінкевіча:

(Актывісты БРСМ: ) “У нас адзін прэзыдэнт! Нам не трэба Мілінкевічаў! Упярод, Беларусь! Краіна з адным прэзыдэнтам!” (Сьвіст, крыкі).

(Кіраўнік суполкі БРСМ: ) “Мы крычым на карысьць Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча. Гэта наш прэзыдэнт, я маю права выйсьці зараз і крычаць на ягоную карысьць. Пасьля таго, што я бачыў на Ўкраіне, я думаю, што гэта больш цывілізаваны мэтад, чым прапануе наша апазыцыя”.

Людзі, якія стаялі побач з актывістамі БРСМ, выказвалі шкадаваньне.

(Спадар: ) “Іх прымусілі, яны бедныя няшчасныя хлопцы, іх прымусілі ў іх навучальнай установе. Дурныя дзеці”.

Пад час апошніх сустрэч Мілінкевіча стала відавочнай палярызацыя выбарцаў, якая часам даходзіць да вострых форм. Улады даюць замалыя залі для сустрэч. Прыхільнікі Мілінкевіча ў Кобрыні прарвалі міліцэйскі кардон, імкнучыся на сустрэчу са сваім кандыдатам, пры гэтым была разьбітая шыба дзьвярэй.

(Сьвіст, крыкі “Ура!”, звон разьбітай шыбы).

Аляксандар Мілінкевіч кажа, што ён не баіцца правакацыяў з боку ўладаў і прыхільнікаў Лукашэнкі:

(Мілінкевіч: ) “Мне наадварот, калі агрэсіўная заля напалову, то мне выдатна. Я тады гуляю паміж тымі, што мяне падтрымліваюць, і што хочуць мяне асадзіць. І таму ў мяне наадварот энэргіі больш. Вось калі яна пасіўная і амаль маўчыць, вось тады я сябе дрэнна адчуваю. А ўвогуле калі я гляджу на гэтых юнакоў перакошаных, якія аруць, мне здаецца, што гэта ўлада крычыць. Яна бездапаможная, яна ў дыскусіях прайграе, застаецца прыйсьці ў залю і проста араць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG