Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Ян Баршчэўскі (1790(?) – 12.3.1851)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Калі вы яшчэ не чыталі кнігі “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях”, вас чакае сапраўднае адкрыцьцё цэлага дзівоснага сьвету легендаў, паданьняў, загадкавых гісторый. Калі ж згаданая кніга вамі ўжо прачытаная, вы пераканаліся, што сучасьнікі зусім не беспадстаўна параўноўвалі яе з сусьветна вядомым казачным цыклем “Тысячы і адной ночы”.

“Шляхціча Завальню”, які зрабіў бы гонар прыгожаму пісьменству любога народу, стварыў паўтара стагодзьдзя таму адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі. Дзікае запаведнае возера Нешчарда на самай поўначы Беларусі было для Яна тым, чым для ягонага сучасьніка і добрага знаёмага Адама Міцкевіча – Сьвіцязь.

Будучы пісьменьнік яшчэ пасьпеў атрымаць дыплём Полацкай акадэміі. У той час расейскія калянізатары пераходзілі да палітыкі канчатковага выключэньня Літвы-Беларусі з эўрапейскага цывілізацыйнага кантэксту. Зачыненая ў 1820 годзе Полацкая alma mater сталася адной зь першых ахвяраў. Баршчэўскі глыбока перажываў барбарскую дзяльбу і вываз у Расею бясцэннай бібліятэкі, унікальных калекцыяў акадэмічнага музэю й карціннай галерэі з палотнамі эўрапейскіх майстроў.

Непаўторныя вобразы Яна Баршчэўскага, надзеленага адметным полацкім мэнталітэтам, несьлі магутны зарад нацыянальнай ідэі. Невыпадкова яго галоўная кніга прыйшла да сучаснага беларускага чытача толькі ў 1990 годзе, прычым – сьведчу гэта як рэдактар таго выданьня – першы 40-тысячны наклад быў распрададзены на працягу двух месяцаў.

“Шляхціч Завальня” вытрымаў некалькі перавыданьняў, аднак дагэтуль няма ні вуліцы Баршчэўскага ў Полацку, ні помніка знакамітаму пісьменьніку. У цяперашніх “генэралаў ад культуры” фантазія Яна Баршчэўскага выклікае несумнеўныя падазрэньні. Ну што там за нейкая таямнічая Плачка блукае па Прыдзьвіньні? Што яна аплаквае? Зьнішчаныя сьвятыні? Вывезены ў Расею крыж сьвятой Эўфрасіньні? Выцесьненую на задворкі мову?..

Але і гэтых генэралаў сьпішуць у глухую адстаўку, а “Шляхцічам Завальнем” будуць зачытвацца і ўнукі нашых унукаў.
XS
SM
MD
LG