Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паслухаю кожны дзень вас – сэрца разбаліцца. Не магу! Не магу, як зьбіваюць, як саджаюць, як караюць!”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 9 – 10 сакавіка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Юры, Салігорск:) “Нагадаю слухачам, што посьпех Мілінкевіча на сустрэчы з выбарцамі ў Салігорску быў аглушальны! На наступны дзень занепакоеныя гарадзкія ўлады ў працоўны час насьпех сабралі мітынг “За Беларусь!”, прыгналі пяць аўтобусаў з рабочымі і службоўцамі на цэнтральную плошчу, чалавек 150. Рэдкімі воплескамі тыя сабраныя віталі салодкія прамовы чыноўнікаў у падтрымку дзейнага рэжыму. Вядома, любому нармальнаму чалавеку больш прыемна схадзіць на мітынг, чым працаваць. Але гэты сход быў такі ненатуральны, няшчыры і варты жалю. А на сустрэчу зь Мілінкевічам і зганяць нікога ня трэба было, а народу ў разоў 20 болей прыйшло”.

(Спадар:) “Вось у гэтыя хвіліны ідзе перадача “Выбар” па ОНТ. І проста вялікая памылка штабу Мілінкевіча ўдзельнічаць у гэтым фарсе. Юры Хадыка, паважаны чалавек, але ён не баец публічны. Нельга ўдзельнічаць у такіх перадачах. Яны там галасаваньне электроннае арганізавалі, перамагае Лукашэнка. Зразумела, як гэта ўсё робіцца, гэтае галасаваньне. Вось цяпер спадар Чаргінец выступае. Нельга, нельга ў такім удзельнічаць! Чаргінец зь Ярмошынай проста затапталі іх, задушылі. Нельга ў гэтым удзельнічаць!”

(Бартось Марыя, вёска Квасоўка: ) “Цяпер у нас выступае па тэлебачаньні Зімоўскі. Я выключыла тэлевізар, бо не хачу нават слухаць іх! Адзін падман – проста сорамна слухаць! (…) Як ня брыдка сёньня так казаць на новых кандыдатаў! Як можна па-ўсякаму ліць бруд на іх! Хто вам забараняе жыць па-сапраўднаму? І чаму вы людзям не даяце жыць? Я зьвяртаюся да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі: чаму ж не даяце жыць нам? Дзе вы сумленьне ўсе страцілі?

Колькі разоў я пісала ў рэзыдэнцыю прэзыдэнта. Чым яна займаецца? Мы пішам скаргі, а яны пішуць адпіскі нам усім запар, не разьбіраючыся. Колькі разоў мы гаворым прэзыдэнту, а яны й не шманаюць, толькі брудам абліваюць то аднаго кандыдата, то другога. А можа, нам падабаецца адзін кандыдат, а можа, мы за яго й прагаласуем, бо гэтыя нічога ня робяць. Нічога за 12 год не зрабілі і яшчэ зьбіраюцца далей нешта вычвараць. Але народ разабраўся. Дзякуй, што вы мяне выслухалі. І хочацца падзякаваць усім кандыдатам, што яны хочуць, каб мы людзьмі зваліся”.

(Спадар: ) “Спадары “Свабоды”! Толькі што скончыўся ток-шоў “Выбар” на ОНТ. На працягу гадзіны тэлегледачам было прапанавана патэлефанаваць і прагаласаваць за кандыдата. Прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх кандыдатаў і выбарчых камісіяў і іншыя прадстаўнікі. І вось што атрымалася ў канцы перадачы: за Мілінкевіча – 4,5 тысячы званкоў, а за Лукашэнку 92 тысячы – гэта 78 працэнтаў. Вось вам галасаваньне, вось вам апытаньне, вось вам назіральнікі. Людзі выказаліся сумленна і прама. Так што плакалі мільёны Кангрэсу ЗША, якія ён вылучае на гэтыя выбары кандыдатам і на вашую працу. Віншую вас!”

(Спадар: ) “Цяпер глядзеў па тэлевізары праграму “Выбар”. Якая там хлусьня – проста немагчыма слухаць! Хваляць, што пэнсіі растуць, заробкі растуць, а пра цэны так ніхто і не згадаў, як яны ў два разы больш растуць. А недзе там людзі галадаюць на вёсках і ў зламаных хатах жывуць – ніхто не згадаў. Яшчэ за Лукашэнку на галасаваньні там каля 100 тысяч пазванілі – якая ж гэта хлусьня! А я прапаноўваю Аляксандру Мілінкевічу ісьці наперад, нічога не баяцца – і перамога будзе за намі! І 19-га ўсім ехаць у Менск, каб адстаяць дэмакратыю і праўду і нашага прэзыдэнта Мілінкевіча!”

(Віктар Буто: ) “Часткова пра тое, што мяне не задавальняе ў перадачах беларускай службы Радыё Свабода. Першае. Існуючая ў вас цэнзура на мае звароты і на падобныя да іх звароты грамадзянаў Беларусі, якія хочуць жыць у нармальнай, прававой і паважанай дзяржаве. Здаецца, цэнзура існуе ў “Народнай Волі”, “БДГ”, “Белгазеце”, то бок у незалежных сродках масавай інфармацыі, таксама існуе, як і ў дзяржаўных, больш даступных, але не чытаных людзьмі, бо ў тых дзяржаўных занадта шмат хлусьні. Гэтая цэнзура сур’ёзна перашкаджае ператварэньню Рэспублікі Беларусь з бандыцкай дзяржавы ў нармальную, прававую і паважаную”.

(Спадар: ) “У газэце “Советская Белоруссия” за 2 сакавіка надрукаваныя матэрыялы, у якіх зьмешчаны вынікі быццам бы праведзеных “экзыт-полаў” на выбарчых участках. Але самае цікавае тое, што ангельскае слова экзыт-пол мае ляпсус. Замест пол надрукавана слова пул. Атрымалася слова экзыт-пул, якога няма ў ангельскай мове. Дзіўна, што супрацоўнікі літоўскага прадстаўніцтва амэрыканскай службы Гэлапа ня ведаюць ангельскай мовы. Такога ж быць не павінна і ня можа!”

(Спадар: ) “Цяпер у сьвеце тры жахлівыя рэчы. Гэта прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэджад, прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка і птушыны грып”.

(Жэрдзеў, Гомель: ) “Уважліва праслухаў Сьвятлану Алексіевіч і ўпэўніўся, што нават разумныя людзі могуць ісьці па лжывым шляху, калі яны захопленыя лжывай ідэяй. Адна з такіх ідэяў Алексіевіч у тым, што Лукашэнка валодае нейкай энэргетыкай, і гэтым тлумачыцца тое, што ён працягвае быць прымальным для значнай часткі людзей, і з гэтай прычыны, як гаворыць Алексіевіч, Лукашэнка ня мае перашкод для трэцяга тэрміну кіраваньня. Калі адкінуць туман прыгожых словаў знакамітай пісьменьніцы, то на першае месца выйдзе ня нейкая незразумелая энэргетыка, а вельмі простае і грубае здушэньне ўсякай свабоды. Менавіта сёньня ўсе бачаць, акрамя Алексіевіч, што паўгадзіны тэлевыступу Казуліна і столькі ж эфіру Мілінкевіча так падарвалі аўтарытэт гэтай энэргетыкі, што пачалі арыштоўваць усіх, хто небясьпечны для тыраніі. І не зьдзіўлюся, калі й мяне заўтра арыштуюць. Бяда апазыцыі не ў энэргетыцы аднаго нахабніка, а ў тым, што апазыцыя разьяднаная і ўнутрана нестабільная. Гэта ня можа спрыяць росту даверу з боку насельніцтва”.

(Малашук: ) “Хачу прачытаць верш, які я склаў яшчэ ў 1999-м годзе ў лютым.

За президентом вы пошли Куда-нибудь, не зная сами. И счастье вы своё нашли Отвергнутыми, с кандалами. Он вас повёл своим путём, Как чистый лист и без программы, Держа по ветру нос, о чём Вы не смогли понять всё сами. Он запретил свободы все, Оставил только те каналы, Где контролируется всё, Чтоб люди правды не слыхали. Дискуссий тоже не ведёт, А круглый стол он избегает, Не зная, что сказать в ответ И популизмом щеголяя. Но он придёт, тот божий суд, Всех соберут по белу свету, Всех соучастников найдут И привлекут их всех к ответу!

У 1999-м годзе я насіў гэты верш у “Народную волю”. Але там яго не надрукавалі. Можа, вы дасьце гэты верш у эфір падчас выбарчай кампаніі”.

(Спадар: ) “На дварэ халаднавата. А ўсё чаму? Вясна наступіць 19-га!”

(Аляксандар Мікалаевіч, Слонім:) “Няма сілаў чуць пра дасягненьні беларускай мэдыцыны. Мой саракагадовы брат у кастрычніку адчуў сябе вельмі дрэнна. Тыдзень праляжаў у Зэльвенскай раённай бальніцы, 10 дзён – у Гарадзенскай абласной, 20 дзён – у санаторыі недзе пад Ваўкавыскам. Нідзе нават дыягназ ня быў пастаўлены! І быў выпісаны са словамі: “Прыяжджайце праз паўгоду, калі ня стане лепш”. Ні кампутарнай, ні пагатоў магнітна-рэзанансавай тамаграмы ніхто яму не рабіў. У мяне закрадаецца сумнеьне, ці ведаюць увогуле абласныя дактары аб гэтых тамографах? У Менск не накіроўваюць – быццам бы няма падставы. У студзені брат ня вытрымаў, паехаў у Кіеў, дзе дыягназ быў пастаўлены на працягу аднаго, паўтараю, аднаго дня! Было прызначана лячэньне, якое дае пазытыўныя вынікі. Пытаньне: ці засталася хоць кропля сумленьня ў дактароў і ўладаў?”

(Генадзь Майсеенка: ) “У сераду ўлады затрымалі Вінцука Вячорку ды іншых людзей з каманды Мілінкевіча, спадзеючыся на тое, што 19 – 25 сакавіка будзе спакойна: і апазыцыянэры, і тыя, хто хоча людзьмі звацца, будуць сядзець па хатах і ня пойдуць на акцыі пратэсту ад жаху. Але ж яны памыляюцца. Акрамя вышэйназваных, знойдзецца тая большасьць людзей, якія пойдуць на акцыі і не пабаяцца іх узначаліць, ім хопіць сілы. А да выканаўцаў загаду і судзьдзяў, якія зрабілі прысуды, мушу сказаць: калі зьнішчыцца рэжым Лукашэнкі, вось тады будзе вельмі добра для іх быць нікім і нічым. Бо закон ёсьць закон яшчэ з часу Рымскай імпэрыі, а хто парушае законы па-халопску, той яшчэ й адказвае”.

(Анастас Семяновіч: ) “Хачу сказаць Аляксандру Казуліну і Алесю Мілінкевічу, што здымаць сваіх кандыдатур ні ў ніякім разе ня трэба. Трэба было раней гэта рабіць. Трэба падумаць пра нашых герояў, якія мужна вядуць сваю працу, як на карысьць спадара Мілінкевіча, так на карысьць вас, спадар Казулін. Вы зрабіце мужны ўчынак цяпер і здыміце сваю кандыдатуру, пакуль ня позна, на карысьць спадара Алеся Мілінкевіча, і сваёй камандай працуйце на яго карысьць, толькі не хавайцеся ў кустах. Беларусь ваш мужны учынак, калі прыйдзе іншы час, ацэніць правільна”.

(Уладзімер: ) “Наконт прапановы Казуліна Мілінкевічу абодвум зьняць свае кандыдатуры. Па-першае, Мілінкевічу ўжо позна здымаць сваю кандыдатуру, бо занадта шмат людзей у яго паверылі. І калі ён здыме, гэта будзе выглядаць так, як быццам ён зьбег у самы адказны момант. А вось Казулін можа зьняць сваю кандыдатуру – гэта не паўплывае значна на ход падзеяў. Па-другое, я ўсё ж такі спадзяюся, што гэтая інфармацыя памылковая, таму што ў самы адказны момант здымаць сваю кандыдатуру – гэта канчатковая дыскрэдытацыя дэмакратычных сілаў. У кожнага чалавека бываюць розныя цяжкасьці ў жыцьці, таму трэба іх навучыцца пераадольваць”.

(Спадар: ) “Паважаныя суайчыньнікі, хрысьціяне, народ Беларусі! 22 сакавіка 142 гады таму ад крывавых рук катаў перастала біцца сэрца найвялікшага палымянага патрыёта нашай Бацькаўшчыны, 26-цігадовага Кастуся Каліноўскага. Малады патрыёт сьвядома і самааддана праліў сваю маладую кроў, каб на нашай зямлі панавала свабода, праўда, справядлівасьць. Дык давайце ня будзем Юдамі, хрыстапрадаўцамі, а 19 сакавіка як сапраўдныя хрысьціяне прагаласуем за хрысьціяніна Аляксандра Мілінкевіча, нашчадка славутага роду, продкі якога былі побач у змаганьні з нацыянальным героем Кастусём Каліноўскім за вольную Беларусь. Духі палеглых 142 гады таму дзясяткаў тысяч нашых продкаў заклікаюць нас да сумленьня, заклікаюць галасаваць за Мілінкевіча, бо ў гэтым нашае ўратаваньне, шчасьце будучых нашых пакаленьняў!”

(Спадар: ) “Выказваю сваё меркаваньне, што ніякіх сумленных выбараў 19 красавіка ня будзе! Таму што ўсе службы сканцэнтраваныя так, яны вядуць такую працу, каб сарваць... Гэтыя выдатныя людзі, Мілінкевіч і Казулін, зазнаюць штодзённы ўціск, таму выбараў сумленных быць ня можа!”

(Спадар: ) “Глядзеў учора праграму па тэлевізары – вельмі мне падабалася. Усе абмяркоўвалі, справядлівы ў нас цар ці не. Мяне ўражвае халопства гэтых нашых чыноўнікаў!

Хацеў бы пажадаць перамогі Мілінкевічу! Мы ў цябе верым!”

(Спадар: ) “Паважанае Радыё Свабода і ўсе слухачы! Я хачу сказаць, што сіні колер банта, які ёсьць у Мілінкевіча на грудзі, – гэта беларускі лён сіні, які беларусаў усё жыцьцё апранаў і абуваў. А чырвоны колер – колер, які распранаў нашу Беларусь, і пад гэтым колерам кідалі беларусаў голых і босых на сьнег. А дыктатура ў нас цяпер квітнее. Нас судзяць, садзяць за краты нашых людзей, ні ў чым не вінаватых. Улада задрыжала, яна баіцца. Чаму Лукашэнка не ідзе на тэледэбаты зь Мілінкевічам? Прыйдзе час, будзе праўда і свабода ў нашай Беларусі!

Яшчэ хачу зьвярнуцца да Мілінкевіча. Крый Божа, ня трэба здымаць сваёй кандыдатуры! Стаяць да перамогі! І таксама Казуліну. Усім ехаць у Менск і адстаяць праўду і свабоду!”

(Спадар: ) “У мяне ў руках газэта “Правінцыялка” за 17 траўня 2001 году, якая выходзіла ў Пінску. І тут артыкул “Дэлегатам далі па камбайну”. Дэлегатам ІІ Усебеларускага народнага сходу зь Пінскага раёну далі ў якасьці падарункаў па кухонным камбайне і дыване, каб неяк зацікавіць іх, каб яны зрабілі на сходзе нейкія патрэбныя захады, нейкія патрэбныя словы выказалі. А падарункі дэлегатам гэтым, сярод якіх не было ніводнага радавога працаўніка, усе толькі начальнікі, на народныя грошы былі зробленыя. У нашым горадзе ў той час зьбіралі сродкі на помнік партызанам Палесься. Зьбіралі іх паўсюль: з саўгасаў, калгасаў, прадпрыемстваў, з рабочых, былі добраахвотныя ахвяраваньні. І некаторыя чыноўнікі, калі да іх потым зьвярнуліся з пытаньнем, ці атрымалі яны гэтыя падарункі, стараліся замоўчваць гэты факт”

(Спадар: ) “Хачу спытацца ў паважанай “Свабоды”, дзе паабяцанае Бэнітай Фэрэра-Вальднэр Мілінкевічу тэлебачаньне? У мяне вісіць дома спадарожнікавая талерка. Магу вас запэўніць: ніякага тэлебачаньня для Беларусі з Эўропы, на якое выдзелены грошы, у мяне няма. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Наш Фідэль ужо капітальна разышоўся! Садзіць усіх! Што ён думае? Я ня ведаю, трэба нейкія санкцыі прымаць! А то ў Эўразьвязе распрацоўваецца, якіх чыноўнікаў не пускаць. Ну і што? Міністра спорту на Алімпійскія гульні не пусьцілі, а спартоўцаў пусьцілі! Трэба ні спартоўцаў не пускаць, ні артыстаў, і да нас ніхто не павінен прыяжджаць! А то калядныя хакейныя сустрэчы на прыз дыктатара. І прыехалі зь Нямеччыны, са Швэцыі, зь Фінляндыі. Вядома, ён добра прымае, корміць, грошы дае. Байкот трэба рабіць!”

(Спадар: ) “Учора палітычная эліта дала зразумець яскрава, што ў аснове іхнай палітыкі ляжыць падман і фальсыфікацыя. Пэнсіянэраў яны ня лічаць за людзей. Пэнсіянэры! Хопіць вам быць дохлымі катамі! Пакажыце 19 сакавіка, што вы людзі! А гэтыя тлустыя каты лічаць, што галасуйце не галасуйце – вынік будзе адзін. Ім дайце каманду, яны вам выберуць у прэзыдэнта турэцкага хана. Але, як сказана ў аповесьці Горкага “Маці”, “прыйдзе час, падымецца мускулістая рука рабочага люду. Ярмо дэспатызму, абароненага салдацкімі штыкамі, разьляціцца ўшчэнт!”

(Спадарыня: ) “Дарагая “Свабода”! Паслухаю кожны дзень вас – сэрца разбаліцца. Не магу! Не магу, як зьбіваюць, як саджаюць, як караюць! А яна, гэта Ярмошына, так лжыва, бяз сораму і сумленьня заяўляе, што ўсе правы роўныя для ўсіх кандыдатаў! Дзе ж яе сумленьне? А гэты Лукашэнка, чаго ён ірвецца ў Беларусі быць прэзыдэнтам? Ён жа нічога ня любіць беларускага, усё пазьнішчаў беларускае і хоча Беларусьсю кіраваць! Ці гэта прэзыдэнт? Як гэта людзі не зразумеюць? Як яны ня могуць зразумець, што краіна ў тупіку, што хамская стала краіна, ілжывая! Каналаў нарабілі – няма чаго глядзець! Адна хлусьня, адна правакацыя, адзін падман людзей! Сорам і ганьба! Немагчыма! Сэрца баліць!”
XS
SM
MD
LG