Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін’юст папярэджвае пра адказнасьць за паклёп на Лукашэнку


Радыё Свабода Міністэрства юстыцыі выступіла з заявай, у якой папярэдзіла пра адказнасьць сродкаў масавай інфармацыі і асобаў за распаўсюджваньне імі “паклёпніцкай інфармацыі” пра дзейнага кіраўніка краіны. На думку незалежных экспэртаў, дакумэнт мае палітычны характар і скіраваны на процідзеяньне росту апазыцыйных настрояў у грамадзтве.

У заяве Міністэрства юстыцыі гаворыцца, што ў часе цяперашняй выбарчай кампаніі некаторымі сродкамі масавай інфармацыі з ініцыятывы пэўных асобаў распаўсюджваецца “паклёпніцкая інфармацыя” пра дзейнага кіраўніка краіны. Паводле Мін’юсту, выкарыстаньне сродкаў масавай інфармацыі з мэтай зьнявагі гонару і годнасьці прэзыдэнта, а таксама іншых кіраўнікоў дзяржаўных органаў недапушчальнае.

Як лічаць прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі, заява Мін’юсту мае палітычны характар. Меркаваньне намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца:

(Бастунец: ) “Зразумела, што гэта палітычныя захады. І я ня думаю, што мэта тых прававых ацэнак да неназваных сродкаў масавай інфармацыі, якія прывяло Міністэрства юстыцыі, – гэта выкананьне менавіта закону, а не дэманстрацыя палітычнай ляяльнасьці”.

У заяве Міністэрства юстыцыі гаворыцца, што цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць у адпаведнасьці з Канстытуцыяй і што правамоцнасьць удзелу ў гэтых выбарах Аляксандра Лукашэнкі ня можа быць пастаўленая пад сумнеў. Мін’юст падкрэсьлівае, што так вырашыў беларускі народ.

Між тым некаторыя з грамадзянаў краіны мяркуюць інакш. На іх думку, рэфэрэндум 2004 году, які скасаваў для Лукашэнкі абмежаваньне прэзыдэнцтва двума тэрмінамі, адбываўся з парушэньнямі заканадаўства, а таму ўдзел Лукашэнкі ў цяперашніх выбарах незаконны. Гаворыць праваабаронца Ігар Леднік:

(Леднік: ) “Лукашэнка, нягледзячы на тыя абмежаваньні, якія былі ў Канстытуцыі, у выбарчым заканадаўстве і якія не давалі выносіць гэтае пытаньне на рэфэрэндум, яго, тым не менш, вынес. Таму ён парушыў прынцып роўнасьці ўсіх грамадзянаў перад законам. І гэта вельмі істотнае парушэньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG