Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральная місія АБСЭ апублікавала другую прамежкавую справаздачу


Радыё Свабода Назіральная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ, якая вядзе маніторынг прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі, апублікавала другую прамежкавую справаздачу.

Місія заяўляе, што беларускае заканадаўства аб парадку агітацыі і дзеяньні дзяржаўных органаў “звузілі рамкі вядзеньня актыўнай перадвыбарчай кампаніі”. Агітацыя апазыцыйных кандыдатаў была недастаткова прыкметная. А доступ выбарцаў да рознабаковай інфармацыі праз мэдыі быў абмежаваны. Ад агульнай колькасьці эфіру беларускага тэлебачаньня 94 працэнты, паводле маніторынгу місіі, прыйшліся на Аляксандра Лукашэнку.

Назіральнікі паведамілі пра шэраг праблем, зь якімі сутыкнуліся штабы Казуліна і Мілінкевіча. Кампанія была азмрочаная падзеямі 2 сакавіка, калі міліцыя затрымала Аляксандра Казуліна.

Місія таксама адзначае, што дзейнасьць унутраных назіральнікаў беспадстаўна абмежаваная. Назіральнікі мелі цяжкасьці ў навязваньні кантактаў з чальцамі штабоў Аляксандра Лукашэнкі на абласным і раённых узроўнях. З 18 груп назіральнікаў толькі тром (у Менску, Баранавічах і Слуцку) удалося арганізаваць такія сустрэчы.

Падчас агітацыі даволі прыкметна праходзіць кампанія “За Беларусь!” Місія адзначыла тры выпадкі, калі падчас гэтых мерапрыемстваў выступоўцы, уключаючы аднаго дзяржаўнага чыноўніка, наўпрост заклікалі галасаваць за Лукашэнку.

Таксама адзначаецца, што з 18 студзеня ЦВК не праводзіў паседжаньняў для разгляду зваротаў, зьвязаных з выбарамі, хаця на большасьць пісьмовых заяваў супрацоўнікі ЦВК адказалі. Між іншым, колькасьць друкаваных бюлетэняў ЦВК публічна не аб’явіла. Пры гэтым Цэнтравыбаркам заявіў місіі, што будзе замоўлена бюлетэняў на 10 працэнтаў больш за чаканую колькасьць зарэгістраваных выбарцаў.

Місія адзначае, што шэраг афіцыйных скаргаў, зьвязаных з кампаніяй, накіроўваецца не ў ЦВК, а ў органы пракуратуры. Місія зьвярнулася з просьбай аб сустрэчы з генпракурорам Беларусі, аднак такая сустрэча пакуль што не адбылася.
XS
SM
MD
LG