Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША даслаў ліст з нагоды рэгістрацыі ЭГУ ў Літве


Тацяна Поклад, Вільня Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні пачаў вясновую сэсію як афіцыйна зарэгістраваная ў Літве вышэйшая навучальная ўстанова.

Ва ўрачыстым адкрыцьці вясновай сэсіі ЭГУ бралі ўдзел амбасадары ЗША, Фінляндыі, Швэцыі, прадстаўнікі Рады міністраў скандынаўскіх краінаў, прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і замежных справаў. Дыпляматы ў сваіх выступах дзяліліся спадзяваньнямі на тое, што ў гэтым унівэрсытэце рыхтуюцца будучыя лідэры Беларусі.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш даслаў Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту ліст, які зачытаў амбасадар ЗША ў Літве Стывэн Мал. У прывітальным лісьце амэрыканскага прэзыдэнта гаворыцца, што ЭГУ стаўся промнем надзеі і дае наступнаму пакаленьню лідэраў веды і разуменьне таго, як будаваць сьвет, у якім людзі карыстаюцца свабодай. У сваім лісьце Буш адзначыў: “Злучаныя Штаты прысьвячаюць сябе падтрымцы высілкаў для пашырэньня дэмакратыі і дабрабыту ўва ўсім сьвеце. Я высока цаню імкненьне адміністрацыі, студэнтаў ды іншых прыхільнікаў ЭГУ да адукацыі, не зважаючы на цяжкую сытуацыю. Вашая сьмеласьць – гэта крыніца натхненьня для тых, хто імкнецца да свабоды ўва ўсім сьвеце”.

Амбасадар ЗША ў Літве сказаў, што гэты ліст амэрыканскага прэзыдэнта паказвае, наколькі важная для ўсяго сьвету магчымасьць для зачыненага беларускім рэжымам унівэрсытэту дзейнічаць афіцыйна.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт дзейнічае ў Літве ад восені мінулага году. На дзённых аддзяленьнях вучацца 300 студэнтаў зь Беларусі, яшчэ 600 студэнтаў займаюцца дыстанцыйна. Заняткі адбываюцца ў памяшканьні ўнівэрсытэту права імя Ромэра ў Вільні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG