Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вашынгтоне адбыліся грамадзкія слуханьні па Беларусі (фота)


Ірына Віданава, Вашынгтон 9 сакавіка у Вашынгтоне ў Хэльсынскай камісіі ЗША адбыліся грамадзкія слуханьні пад назовам “Адмова ад свабоды: Беларусь напярэдадні выбараў”. Хэльсынская камісія – гэта незалежнае фэдэральнае агенцтва, якое займаецца маніторынгам выкананьня правоў чалавека ў сьвеце. Пра сустрэчу расказвае наша карэспандэнтка ў Вашынгтоне.

У слуханьнях узялі ўдзел старшыня Хэльсынскай камісіі сэнатар Браўнбэк і намесьнік старшыні, кангрэсмэн Сьміт.

На паседжаньні, якое працягвалася каля дзьвюх гадзінаў, з паведамленьнямі пра сытуацыю ў Беларусі выступілі намесьнік памочніка Дзяржсакратара Дэвід Крэмэр, а таксама прадстаўнікі беларускіх і амэрыканскіх недзяржаўных арганізацыяў.

Выступоўцы распавялі пра складанае становішча моладзі, палітычных партый і грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі напярэдадні выбараў. Яны адзначылі неабходнасьць жорсткага ціску на ўрад Лукашэнкі з боку ЗША і міжнароднай супольнасьці, а таксама рэкамэндавалі павялічыць падтрымку для правядзеньня дэмакратычных рэформаў у Беларусі пасьля выбараў 19 сакавіка.

Сэнатар Браўнбэк выразіў сваё захапленьне і павагу да цяжкай, рызыкоўнай і самаадданай працы актывістаў беларускага дэмакратычнага руху, і ў прыватнасьці моладзевых лідэраў. Сэнатар Браўнбэк трымаў у руцэ кавалачак джынсавай тканіны як сымбаль адной з мабілізацыйных кампаніяў, якія сёньня натхняюць беларусаў. Сэнатар Браўнбэк заявіў, што ён будзе рабіць усё магчымае, каб галасы грамадзян Беларусі былі пачуты і што міжнародная супольнасьць будзе на іх баку.

Заля, дзе праходзіла паседжаньне, была поўнасьцю запоўнена. Усяго прысутнічала каля 50 чалавек. Сярод прысутных былі прадстаўнікі беларускай дыяспары, амэрыканскіх грамадзкіх арганізацый (напрыклад, актывісты Супольнага Балтыйска-амэрыканскага нацыянальнага камітэту), былы кіраўнік АБСЭ у Баўгарыі, супрацоўнікі Кангрэсу ЗША, студэнты амэрыканскіх унівэрсытэтаў, журналісты шэрагу сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку "Голаса Амэрыкі".





XS
SM
MD
LG