Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэністан: лёс журналістаў Радыё Свабода па-ранейшаму невядомы


Кастусь Бандарук, Прага Застаецца невядомым месцазнаходжаньне і няма ніякіх зьвестак пра лёс двух журналістаў Радыё Свабода "Азатлык", арыштаваных міліцыяй у Туркмэністане. Дырэктар туркмэнскай службы Радыё Свабода паведамляе, што цягам апошніх дзесяці дзён туркмэнская служба ў Празе страціла кантакт з усімі сваімі карэспандэнтамі на месцы.

Сваякі і калегі карэспандэнтаў туркмэнскай службы нашага Радыё Свабода ("Раджо Азатлык") Мэрэта Хамадава і Юмудурды Авезава ня маюць ніякага кантакту з вонкавым сьветам. Пра тое, што на дадзены момант вядома распавёў дырэктар туркмэнскай службы нашага радыё Аляксандар Нарадэцкі:

(Нарадэцкі: ) “Як мінімум два чалавекі, нашы карэспандэнты Хамадаў і Авезаў былі арыштаваныя. Іх затрымалі 7 сакавіка раніцай. Затым адвезьлі ў мясцовы пастарунак і пасьля некалькіх гадзін вывезьлі ў невядомым кірунку. Сваякі журналістаў спрабавалі даведацца у мясцовых ўладаў пра месцазнаходжаньне арыштаваных, але не атрымалі ніякага адказу".

Цягам 15 гадоў гадоў незалежнасьці Туркмэністану ўлады на чале з прэзыдэнтам Сапармуратам Ніязавым амаль поўнасьцю зьнішчылі недзяржаўныя СМІ.

Паводле туркмэнскага праваабаронцы ў выгнаньні Фарыда Тухбатуліна, урад Туркмэністану варожа ставіцца да вяшчаньня туркмэнскай службы Радыё Свабода:

(Тухбатулін: ) “Радыё Азатлык улады разглядаюць як апазыцыйнае, а палітыка ўраду такая, што “хто не хваліць нас – той наш вораг”.

Дырэктар Радыё Азатлык Аляксандар Нарадэцкі паведаміў, што цягам апошніх дзесяці дзён туркмэнская служба ў Празе страціла кантакт з усімі сваімі карэспандэнтамі на месцы.

Іхныя тэлефоны, а таксама тэлефоны сваякоў і блізкіх маўчаць, і няма ніякіх зьвестак пра іх.

Глыбокую занепакоенасьць арыштам журналістаў выказаў Камітэт абароны журналістаў. Паводле арганізацыі, у Туркмэністане Радыё Свабода "Азатлык" зьяўляецца адзінай крыніцай незалежнай інфармацыі. Грамадзтва атрымлівае толькі афіцыйную інфармацыю.

Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэф Трымбл назваў арышт “непрыхаваным перасьледам і абуральным парушэньнем свабоды і чалавечых правоў гэтых мужных журналістаў”.

На думку Мухамеда Вэльсапарава, які за крытыку туркмэнскага ўраду быў вымушаны эміграваць, у выпадку Туркмэністану некарэктна гаварыць проста пра “зьнікненьне”.

(Вэльсапараў: ) “Гэта не Расея, вялізная краіна, дзе цяжка ўсё пракантраляваць. У Туркмэністане ўсё пад кантролем і без дазволу з боку ўладаў ніхто не зьнікне, асабліва карэспандэнты Радыё Свабода”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG