Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Расея пераходзіць да актыўнай падтрымкі Лукашэнкі напярэдадні выбараў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 7 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнім часам у Беларусь часта прыяжджаюць расейскія палітыкі. На мінулым тыдні сьпікер Дзярждумы Грызлоў прысутнічаў на трэцім Усебеларускім народным сходзе. Сёньня сюды прыехаў расейскі прэм’ер-міністар Фрадкоў, адбылося паседжаньне савету міністраў саюзнай дзяржавы. 13 сакавіка ў Менск прыедзе мэр Масквы Лужкоў. У панядзелак 6 сакавіка вядучы праграмы НТВ “Рэальная палітыка” Паўлоўскі ўзяў інтэрвію ў Лукашэнкі. Гэтыя падзеі складваюцца ў нейкі суцэльны малюнак і, мусіць, азначаюць, што Расея стала на шлях актыўнай падтрымкі Лукашэнкі ў перадвыбарчай кампаніі. Ці згодны вы з гэтым? І калі так, то з чым гэта зьвязана?”

(Кірыл Коктыш: ) “Канечне ж, Расея тым ці іншым чынам будзе дэманстраваць падтрымку існаму рэжыму. Расейская палітыка традыцыйна замкнёная на першую асобу ў дзяржаве. Але гэтая падтрымка своеасаблівая. Вельмі знакавы той шэраг асобаў, якія наведваюць Менск.

Міхаіл Фрадкоў — тэхнічны прэм’ер. Барыс Грызлоў — тэхнічны сьпікер. Глеб Паўлоўскі цяпер у няласцы, у маргінальнай прасторы. А мэр Масквы Лужкоў заўжды найперш клапаціцца пра ўласныя інвэстыцыі. І, мусіць, менавіта гэта найперш будзе абмяркоўвацца на ягоных сустрэчах у Менску. Напрыклад, калі адбываліся драматычныя падзеі ў Аджарыі, ён таксама намагаўся быць нейкім перамоўшчыкам, расейскім пасланцам, але найперш ратаваў уласныя інвэстыцыі. Але, дарэчы, не ўратаваў.

Так што можна сказаць, што дэманстрацыйнай падтрымкі таго органу, які зьяўляецца рэальным цэнтрам прыняцьця рашэньняў у Маскве, пакуль няма. Пакуль такую дэманстрацыю ладзяць людзі, так бы мовіць, “тэхнічнага ўзроўню”. Гэта ня тыя людзі, якія ўплываюць на прыняцьце рашэньняў. І гэта па-свойму сымбалічна”.

(Карбалевіч: ) “Але ж, мусіць, сёньня Лукашэнку патрэбна менавіта піяр-падтрымка. А для беларускага выбаршчыка тыя расейскія асобы, якія прыяжджаюць у Менск, даволі вядомыя. Яны могуць сымбалізаваць падтрымку Расеі. А Лукашэнку на дадзены момант, можа, больш нічога і ня трэба”.

(Фёдараў: ) “Я згодзен з тым, што рэальны ўплыў асобаў, якія прыяжджаюць у Менск, ня вельмі вялікі. І, магчыма, гэта ня тое, што патрэбна цяпер Лукашэнку. Калі б яму патрэбна была сапраўдная падтрымка, ён бы намагаўся яе атрымаць ад Пуціна. Пакуль Пуцін такой падтрымкі не дэманструе. Але да выбараў яшчэ каля двух тыдняў, і ўсё можа адбыцца. Прыезд Грызлова і Фрадкова наўрад ці зробіць моцнае ўражаньне на беларускіх выбаршчыкаў. Яны даўно прызвычаіліся да такіх візытаў, якія адбываюцца часта. Нельга сказаць, што Лужкоў у Беларусі надта папулярны. Тым больш, Фрадкоў прыехаў на плянавае паседжаньне савету міністраў саюзнай дзяржавы. Ягоная сустрэча з Лукашэнкам найбольш тычылася эканамічных пытаньняў.

Таму можна зрабіць выснову, што ёсьць пэўнае сьведчаньне ўзмацненьня цікавасьці Масквы да беларускіх выбараў. Але казаць пра моцную падтрымку я б паасьцярогся”.

(Карбалевіч: ) “У нядаўнім інтэрвію беларускім тэлеканалам кіраўнік краіны неяк няўклюдна абвяргаў расейскую падтрымку, казаў, што яна яму не патрэбная. Ці моцна паўплывае расейская падтрымка на рэйтынг Лукашэнкі?”

(Коктыш: ) “Калі выкарыстоўваць дыпляматычную мову, то можна сказаць, што Расея пакуль прадэманстравала толькі палову падтрымкі. Магу паўтарыць, што тыя асобы, якія наведваюць Менск, займаюць другі ці нават трэці-чацьверты паверх расейскай улады. Напэўна, нейкі ўплыў на рэйтынг Лукашэнкі гэтая расейская падтрымка акажа. Але тут ёсьць іншыя чыньнікі. Эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расеі больш-менш стабільнае. І тут ня будзе нечаканасьцяў — незалежна ад зыходу выбараў.

Іншая праблема. У Беларусі няма дакладнай сацыялёгіі. Таму мы ня ведаем, які рэальны рэйтынг Лукашэнкі і як ён можа зьмяняцца. У гэтым сэнсе сытуацыя непразрыстая. І яшчэ адзін момант. Характэрнай асаблівасьцю гэтай выбарчай кампаніі зьяўляецца тое, што ў Лукашэнкі няма новых мэсыджаў да выбаршчыка. У кампаніі беларускага кіраўніка адчувальны ідэалягічны вакуўм”.

(Фёдараў: ) “Магу паўтарыць, што прыезд тых асобаў у Менск, пра якіх мы гаворым, наўрад ці моцна паўплывае на рэйтынг Лукашэнкі. Думаю, што большасьць электарату ўжо вызначылася наконт свайго выбару. А на тых, хто ня вызначыўся, наўрад ці моцна паўплывае прыезд гэтых расейскіх гасьцей”.

(Карбалевіч: ) “Актыўнае ўключэньне Масквы ў беларускія выбары стане чыньнікам, які будзе стрымліваць Лукашэнку ва ўжываньні сілы супраць апазыцыі пасьля галасаваньня, ці наадварот — разьвяжа яму рукі?”

(Коктыш: ) “У любым выпадку, у расейскіх інтарэсах — мірнае вырашэньне выбарчага пытаньня. Тут можна нагадаць выказваньне Талейрана, што штыкамі можна ўладу захапіць, але на іх немагчыма сядзець. Сілавое вырашэньне выкліча прымяненьні сілы ў адказ. І кошт захаваньня ўлады Лукашэнкам імгненна вырасьце ў разы, калі не на парадак. Таму Расея зацікаўлена ў тым, каб праблема вырашалася выключна мірна і без эксцэсаў”.

(Карбалевіч: ) “У мяне не выклікае сумневаў, што Масква зацікаўленая ў мірным зыходзе беларускіх выбараў. Але тут можа ўзьнікнуць такая сытуацыя. Лукашэнка, адчуўшы расейскі дах, можа сябе асабліва не стрымліваць, палічыўшы, што якія б сілавыя захады ён ні ўжыў, Расея ўсё роўна яго абароніць”.

(Фёдараў: ) “Зразумела, трэба было б даведацца, што раяць беларускаму кіраўніцтву маскоўскія візытэры. Але я думаю, усьлед за Коктышам, што яны раяць Лукашэнку абысьціся безь сілавога сцэнару. Менш як два тыдні таму ў Менск прыяжджаў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмэр. На пытаньне наконт узаемадзеяньня з Расеяй у беларускім пытаньні ён адказаў, што па адным пытаньні, як быццам, дасягнута пэўная дамоўленасьць: І Вашынгтон, і Масква будуць разам выступаць супраць сілавога вырашэньня праблемы.

Іншая справа, што ў Менску да парадаў расейскіх гасьцей могуць і не прыслухацца. І сама Расея можа потым адказаць на крытыку ЗША — маўляў, бачыце, мы імкнуліся прадухіліць сілавы сцэнар, накіроўвалі туды сваіх прадстаўнікоў, але нічога не атрымалася. Але тое, што Масква не падштурхоўвае Менск да сілавога рашэньня — гэта відавочна”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, не выклікае сумневаў тое, што Расея актыўна падтрымлівае Лукашэнку напярэдадні выбараў. Толькі пытаньне наконт выніку гэтай падтрымкі застаецца адкрытым”.
XS
SM
MD
LG