Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Бундэстагу "не выключае маніпуляцый" у часе выбараў


Радыё Свабода У прынятай учора рэзалюцыі нямецкага Бундэстагу па Беларусі дэпутаты заклікаюць урад Фэдэратыўнай Рэспублікі Германіі сумесна з Эўрапейскім Зьвязам і іншымі эўрапейскімі структурамі патрабаваць ад афіцыйнага Менску выкананьня сваіх абавязкаў у правядзеньні свабодных і празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў.

Наколькі рэалістычнымі падаюцца нямецкім палітыкам гэтыя патрабаваньні, гэтае пытаньне мы адрасуем сябру Бундэстагу, нямецкаму хрысьціянскаму дэмакрату Георгу Шырмбэку, які ў складзе групы нямецкіх экспэртаў будзе назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

(Шырмбек: ) "Справа ў тым, што большасьць з тых сямі, а магчыма, і васьмі дэпутатаў Бундэстагу – паездка аднаго назіральніка застаецца пад пытаньнем – вядомыя для Беларусі людзі. Мы валодаем беларускай сытуацыяй і не выключаем маніпуляцыяў у часе выбараў.

У нас таксама выклікае занепакоенасьць тое, што кандыдаты ў прэзыдэнты апынуліся абсалютна ў няроўных умовах.

Аднак самае галоўнае, на чым цяпер сфакусаваныя прадстаўнікі літаральна ўсіх фракцыяў Бундэстагу, гэта падзеі 19 сакавіка.

Як будзе паводзіць сябе сыстэма ў часе выбараў – гэта ёсьць самым важным для нас пытаньнем.

Мы жадаем, каб выбары ў Беларусі прайшлі мірна, бяз гвалту. Гэтай верагоднасьці мы, на жаль, не выключаем, паколькі для нас відавочна, што беларускія ўлады маюць магутны патэнцыял для падаўленьня апазыцыі".

(Карэспандэнтка: ) "Калі параўноўваць вашу ўчорашнюю заяву з заявай эўрапейскіх парлямэнтароў, пад якой ў тым ліку падпісаўся і старшыня міжнароднай камісіі Эўрапарлямэнту, нямецкі хрысьціянскі дэмакрат Эльмар Брок, то сябры Бундэстагу адрозна ад эўрапейцаў не ставяць пытаньня пра пашырэньне сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз".

(Шырмбек: ) “Эўрадэпутаты – самастойныя людзі, яны могуць рабіць свае ўласныя заявы і выбіраць фармулёўкі, якія ў дэталях не заўсёды супадаюць з нашымі. Як мне падаецца, зараз яшчэ ня той час, каб пагражаць байкотамі, санкцыямі. Размова ідзе пра тое, каб ад аўторка, калі пачнуцца першыя галасаваньні, усё праходзіла мірна, без крыві. Залежна ад таго, як ўсё будзе разьвівацца, можа будзе гаварыць і пра нейкія іншыя захады.

Нашая задача як назіральнікаў у тым, каб пра ўсё аб’ектыўна распавесьці. Я хачу таксама дадаць, што Лукашэнка выкарыстоўвае цярпеньне з боку Пуціна. Аднак, зь іншага боку, такое стаўленьне Пуціна да беларускага аўтакрата ня можа быць прымальным. Пазыцыя Пуціна мусіць быць абмеркаванай супольніцтвам. Аднак спачатку дачакаемся разьвіцьця падзеяў і будзем спадзявацца, што яны пройдуць у адпаведнасьці з нашымі лепшымі надзеямі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG