Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за дзясятак актывістаў штабу Мілінкевіча адбываюць арышты


Любоў Лунёва, Менск У Менскім спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна адбываюць арышты дзевяць актывістаў штабу Аляксандра Мілінкевіча і адзін шараговы ўдзельнік сустрэчы з кандыдатам у прэзыдэнты каля кінатэатру “Берасьце”. Сёньня туды прывязуць Сяргея Антончыка. У Магілёве арышт адбывае кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Шанцаў. У Бялынічах — актывіст незарэгістраванага руху “Зубр” Алег Мяцеліца.

15 сутак арышту разам зь Вінцуком Вячоркам за кратамі спэцпрыёмніка адбываюць Пётар Толар, Уладзімер Грыбін, Пётар Бабарэка, Анатоль Петрашэўскі, Аляксандар Зялко, Зьміцер Кудраўцаў, Арцём Ліцьвінка, Сяргей Лянцэвіч і Аляксандар Паўлоўскі — хлопец, які не належыць да ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, а проста ў той дзень прыйшоў паслухаць кандыдата ў прэзыдэнты.

Усім арыштаваным перадалі харчы і цёплыя рэчы. Сваякі Вінцука Вячоркі прынесьлі ўсё неабходнае яшчэ ў судовую залю. У часе перапынку апазыцыянэр меў магчымасьць пераапрануцца. Нагадаем, 8 сакавіка людзі ў цывільным спынілі аўтобус, у якім была гукаўзмацняльная апаратура. Яе выкарыстоўвалі ў часе выступу Аляксандра Мілінкевіча перад выбаршчыкамі каля кінатэатру “Берасьце”. У аўтобусе былі Вінцук Вячорка і людзі, якія дапамаглі занесьці апаратуру ў аўтобус. Усіх адвезьлі ў Фрунзенскі аддзел міліцыі. Празь дзьве гадзіны байцы спэцназу міліцыі затрымалі чатырох актывістаў штабу Аляксандра Мілінкевіча пасьля сходу каля палацу трактарнага заводу. Маці Аляксандра Зялко сёньня занесла хлопцам перадачу:

(Зялко: ) “Сабрала ўсё, што было дома — і байкі, і шкарпэткі цёплыя… Бо хлопцаў чацьвёра, двое зь іх іншагароднія студэнты — што яны там могуць сабраць? Харчы, якія змагла, набыла — каўбасы, сала. Разьлічыла на ўсіх”.

Арцём Ліцьвінка хворы на астму. У спэцпрыёмніку паабяцалі, што за ягоным станам здароўя будуць сачыць. Арына Вячорка перадала свайму мужу харчовую перадачу:

(Арына Вячорка: ) “Вясна, і хочацца быць усёй сям’ёй разам. Настрой у нашага галавы сям’і бадзёры. Ён ведаў, на што ішоў. Вельмі непакоімся за ягонае здароўе. Цяпер халодна. Там не адпачынак, няма сьвежага паветра. А ён жа, можа, сядзіць з бамжамі, ці з тымі, хто паліць цыгаркі, а ён гэтага не пераносіць — сам нездаровы. Гэта нас турбуе”.

Адміністрацыя спэцпрыёмніку адмовілася паведаміць, у адной камэры трымаюць палітвязьняў, альбо пасадзілі асобна. Не распавялі і пра ўмовы ўтрыманьня. Адміністрацыя запэўніла, што нічога не зьмянілася за апошні месяц. Такім чынам, арыштаваным прыносяць сьняданак — шклянку гарбаты і хлеб з маслам. Абед і вячэру даюць у 17 гадзінаў. Гэта талерка супу, каша з катлетай, гарбата і кавалак хлеба. На шпацыр нікога не выводзяць. Раз на тыдзень палітвязьняў водзяць у душ.

Гл. таксама • Вінцук Вячорка і іншыя актывісты штабу Мілінкевіча асуджаныя на 15 сутак арышту (фота)
XS
SM
MD
LG