Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі СНД: улады агітуюць за Лукашэнку, парушаюць заканадаўства


Уладзімер Глод, Менск Беларускія ўлады перавышаюць паўнамоцтвы – такую думку выказаў сёньня на брыфінгу кіраўнік штабу назіральнікаў СНД за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі Асан Кажакаў з Казахстану. Паводле ягоных словаў, ад імя місіі назіральнікаў АБСЭ ў пракуратуру Беларусі перасланы шэраг скаргаў, на якія цяпер чакаюць афіцыйнага адказу.

Спадар Кажакаў паведаміў журналістам, што місія назіральнікаў СНД просіць пракуратуру праверыць факты магчымага парушэньня выбарчага заканадаўства не пазьней за 16 сакавіка. Гэты час абраны з такім разьлікам, каб згаданыя скаргі патрапілі ў першую (прамежкавую) справаздачу, якую ўжо пачынаюць рыхтаваць.

Адзначаны парушэньні ў выдзяленьні месцаў для сустрэчы выбарцаў з кандыдатамі на прэзыдэнта, а таксама няроўныя магчымасьці вядзеньня агітацыі для розных прэтэндэнтаў ды іншае.

Прыкладам, у Горадні для сустрэчаў (маюцца на ўвазе сустрэчы Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча) далі зусім маленькія залі на ўскраіне гораду.

А газэта “Звязда”, паводле маніторынгу назіральнікаў СНД, усе 100% плошчы пад выбарчыя матэрыялы аддала дзейнаму кіраўніку беларускай дзяржавы.

Кіраўнік штабу назіральнікаў СНД згадаў і падзеі 2 сакавіка, калі зьбілі кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Спадар Кажакоў сказаў, што місія СНД зьвярнулася з запытам пра гэта ў рэспубліканскую пракуратуру. На сёньняшні дзнь адказу адтуль яшчэ няма:

(Кажакаў: ) “У любым выпадку: як адзін, так і другі бок мусяць прытрымлівацца закону. Што тычыцца зьбіцьця і асабліва зьбіцьця журналістаў, я асабіста лічу, што гэта ёсьць перавышэньнем сваіх паўнамоцтваў асобнымі супрацоўнікамі праваахоўных органаў”.

Сёньня назіральнікі СНД на ўзроўні экспэртаў правялі першую сустрэчу са сваімі калегамі з АБСЭ. Цяпер, дарэчы, у Беларусі працуюць 13 экспэртаў і 37 доўгатэрміновых назіральнікаў АБСЭ. Іх мэта — вызначыць, наколькі правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў адпавядае стандартам гэтай міжнароднай арганізацыі. Сёньня назіральнікі АБСЭ сустракаліся зь Віктарам Шэйманам — кіраўніком выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі, а назіральнікі СНД — з кандыдатам на прэзыдэнта Сяргеем Гайдукевічам.

Як стала вядома, першыя кароткатэрміновыя назіральнікі АБСЭ мяркуюць прыбыць у Беларусь 14 сакавіка, а іхныя калегі з СНД — 16-га.

Паводле старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, на прэзыдэнцкіх выбарах будзе больш за тысячу міжнародных назіральнікаў з розных міжнародных структураў. Прыкладна 900 зь іх (у роўнай прапорцыі) будуць прадстаўляць СНД і АБСЭ.
XS
SM
MD
LG