Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Асіповічах затрымалі агітатараў за Казуліна


Радыё Свабода У Асіповічах былі затрыманыя агітатаркі Алена Мядзьведзева і Ірына Міхалап, якія перад Асіповіцкім выканкамам раздавалі афіцыйна выдадзеныя каляндарыкі і ўлёткі за Аляксандра Казуліна.

Давераная асоба кандыдата Таісія Кабанчук распавяла, што разам з актывісткамі прыйшла ў выканкам, каб атрымаць дазвол на памяшканьне для сустрэчы спадара Казуліна з выбарцамі.

Не пасьпелі актывісткі раздаць некалькі ўлётак, як пад’ехала міліцыя і адвезла іх у аддзяленьне міліцыі. Там іх трымалі каля гадзіны. Пазьней у аддзяленьне міліцыі адвезьлі і Таісію Кабанчук.

Пазьней міліцыянты вярнулі агітацыйную прадукцыю і выпусьцілі актывістак. Аднак, паводле Таісіі Кабанчук, міліцыя працягвае іх суправаджаць.

(Кабанчук: ) “Не пасьпелі прыехаць у гэты дом культуры ў Асіповічах, там чацьвёра міліцыянтаў да нас падышлі, таксама пачалі патрабаваць дакумэнты, распытваць. Цяпер усё тое самае паўтараецца ў Клічаве. Нас тут акружылі міліцыянты. Мы таксама прыехалі дамовіцца пра памяшканьне і ўзяць дазвол на правядзеньне сустрэчы”.
XS
SM
MD
LG