Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія гарады: дваццаць гадоў таму і сёньня. Перадача другая


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 9 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Зьмены ў архітэктурным абліччы беларускіх гарадоў, што адбыліся пасьля скананьня камуністычнай эры і набыцьця краінай незалежнасьці, відавочныя. Выглядае, што гэта адбылося дзякуючы зьменам у сьвядомасьці грамадзтва, у стаўленьні да рэлігіі і культуры. Так раскрыўся велізарны творчы патэнцыял беларускай правінцыі. Яскравы прыклад — Полацак, пра што мы і гаварылі ў мінулай перадачы. Зьмены ў матэрыяльным жыцьці, у разбудове інфраструктуры, таксама відаць — пагатоў, калі параўноўваць з савецкім часам. А ці ёсьць дзе ў Беларусі прыклады адваротныя?”

(Сяргей Харэўскі: ) “На жаль, так. Але гэты рэгрэс стаўся відавочным літаральна за апошнія гадоў пяць-шэсьць. Найперш, гэта праблема ўласнасьці: непасьлядоўная прыватызацыя, у выніку якой частка гандлёвых і сацыяльных аб’ектаў апынуліся ў прыватнай уласнасьці, але большая частка засталася ў руках дзяржавы. Як вынік, спынілася разьвіцьцё сэктару паслугаў і гандлю. Таксама гэта вынік і непасьлядоўнай рэстытуцыі: колішняя маёмасьць праваслаўнай царквы вернута, а каталіцкіх кляштароў, напрыклад, не аддаюць (як у Воршы, Полацку, Амсьціславе). Гэтыя аб’екты пустуюць. І яшчэ мы назіраем рэванш камуністычнай ідэалёгіі: ашчадна ўзнаўляюцца знакі сталіншчыны, застаюцца на сваіх месцах савецкія сымбалі”.

(Ракіцкі: ) “У якіх рэгіёнах Беларусі найбольш заўважны, як вы кажаце, рэгрэс? У чым ён выявіўся?”

(Харэўскі: ) “Найперш ён заўважны на памежжы. Напрыклад, моцна заняпала Маларыта, што ў час перабудовы пачала імкліва разьвівацца дзякуючы тамтэйшаму прадпрымальнаму люду: закіпелі кірмашы, адкрываліся крамы... У першыя гады незалежнасьці тамтэйшыя людзі нястомна карысталіся сваім памежным становішчам між Украінай і Польшчаю. Але сёньняшнія бар’еры на мяжы і ўціск прадпрымальніцтва зрабілі сваю справу: у Маларыце відаць там-сям зачыненыя кавярні-крамкі, маладзейшыя людзі знайшлі сабе прымяненьне ў суседніх краінах, нават галоўны кінатэатар-клюб разваліўся і выглядае вельмі сымбалічна пасярод гораду. На маіх вачах зьмізарнелі, зьнялюдзелі мястэчкі ўздоўж літоўскае мяжы, дзе яшчэ зусім нядаўна дзелавая актыўнасьць ішла толькі ўгору: Парэчча, Лынтупы, Відзы, Друя. Зь літоўскага і латыскага боку тамака нават памежныя пераходы пазачынялі й паразьбіралі чыгуначныя шляхі, а зь беларускага сюды нельга езьдзіць без спэцдазволу. Зачыненая на замок мяжа з Эўропаю сапраўды спаралізавала нашае заходняе памежжа”.

(Ракіцкі: ) “А што на ўсходзе робіцца? Ці прыносіць карысьць адкрытасьць межаў з Расеяй?”

(Харэўскі: ) “Адзін дзядзька з Гарадку, што на Віцебшчыне, летась казаў мне са скрухаю, што пакуль тая мяжа была сур’ёзнай, дык у іх былі там свае гешэфты: памежны гандаль, кантрабанда, дзяржаўная праца на мяжы, урэшце. Але цяпер, як у расейцаў стала болей грошай, тавараў і самой працы, то рух ідзе толькі ў адзін бок, на ўсход. Я памятаю, як мне казаў дваццаць гадоў таму чыноўнік з Амсьціслаўскага выканкаму, што яны адмыслова не рамантуюць дарогі ў Расею, не напраўляюць мастоў, бо адтуль і так штовыходныя прыяжджаюць вялікія тлумы народу і вывозяць усё чыста: ад селядцоў да шкарпэтак. Тое, што тады было бядой, сёньня было б вялікім шчасьцем. Але ў ціхі патрыярхальны Мсьціслаў, што насамрэч моцна пахарашэў за тыя гады, дзе аднавілі, нарэшце, музэй, адрэстаўравалі тузін камяніцаў, ніхто ня едзе. Ад Менску гэта вельмі далёка, а расейцам — няма чаго больш браць на беларускім баку, бо ўся эканоміка ў там — у руках чынавенства.

Хоць велізарны ўласна турыстычны патэнцыял тут застаецца: Амсьціслаў з ваколіцамі — адзін з найпрыгажэйшых і найчысьцейшых куткоў Беларусі, дзе перахавалася надзвычай багата памятак мінуўшчыны. А вось у Наваполацку, Віцебску, Гомелі прысутнасьць расейскага капіталу і расейскіх тавараў паўсюдныя, нават мяркуючы адно па аўтамабільных нумарах. Калі, напрыклад, у Менску расейскія цыгарэты ці харчы — рэдкасьць, то ва ўсходніх гарадах Беларусі — норма”.

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, пра Гомель... Слынны беларускі краязнавец, генэрал Міхал Бэз-Карніловіч у 1855 годзе так апісаў яго:

Падчас кірмашу ўезны гарадок зусім ажыўляецца, выходзячы са сваёй дрымоты; збор рознахарактарных народаў між сабою, іх кіпучая дзейнасьць, абмен ідэяў, меркаваньняў, поглядаў; нарэшце, наяўнасьць сродкаў павесяліцца і з прыемнасьцю збавіць час, прыпадабняюць Гомель губэрнскаму гораду.

Наколькі слушная такая характарыстыка сёньня?”

(Харэўскі: ) “Цалкам слушная, як ня дзіўна. Менавіта на ўсялякія фэсты, разоў пяць на год Гомель прачынаецца: раней на Новы год, на “майскія сьвяты”, а цяпер найперш падчас “Дажынак” і на Дзень гораду, што праводзіцца там у другі тыдзень верасьня. На дзень Гомелю тут праводзяцца маскарады, тэатралізаваныя шоў перад слынным палацам Румянцавых-Паскевіча, міжнародныя спаборніцтвы па бальных танцах і каратэ, шоў дэльтаплянэрыстаў і парашутыстаў, шпурляюць пэтарды, ракочуць салюты. Такі шал нематываванага аптымізму. За саветамі, бадай, такога не было і блізка. Я быў у Гомелі летась напачатку траўня і быў захоплены гомельскай карнавальнасьцю, пахадзіў па музэях, цэрквах, наведаў толькі адкрытую мастацкую галерэю Гаўрылы Вашчанкі (вельмі вартая, дарэчы, галерэя), пацікаваў у старасьвецкім парку за вавёркамі, якія сілкуюцца чыпсамі, і за сьвяточна ўбранымі людзьмі, якія натоўпамі ходзяць вакол таго палацу і кормяць тых вавёрак. Гомель, між іншым, вельмі стыльны, адметны горад, са сваёй “палядыянскай” архітэктурай ён зусім не падобны на астатнія гарады Беларусі. Балазе, і яго закранула мода на рэстаўрацыю, добраўпарадкаваньне і храмавае будаўніцтва”.

(Ракіцкі: ) “Мода на рэстаўрацыю… Падаецца цікавым вашае вызначэньне. Чым патлумачыць яе?”

(Харэўскі: ) “Сьмешна, але гэта шмат у чым перайманьне Расеі, дзе масава аднаўляюцца помнікі расейскай “велічы”. А таксама прэтэнзіі і ўладаў, і абываталяў на “эўрапейскасьць”. Паўсюдны “эўрарамонт”, ажно да шклопакетаў у Камянецкай вежы — знак часу. Уладцы мяркуюць так сябе ўвечніць — напрыклад, на Гомельскі палац Румянцавых і Паскевіча прымацавалі памятную шыльду старшыні Гомельскага выканкаму Якабсона”.

(Ракіцкі: ) “Якія яшчэ гарады, з тых, што мелі, скажам так, свой гістарычна-культурны брэнд, закранула мода на рэстаўрацыю? І ці можна параўнаць той брэнд з тым, як адрадзіліся ці мадэрнізаваліся гэтыя гарады?”

(Харэўскі: ) “На вашае пытаньне хацеў бы адказаць прыкладам гораду Смургоні — цяпер Смаргонь. Пра яго гісторык Адам Ганоры Кіркор пісаў у 1882 годзе наступнае:

Радзівілы заснавалі тут адмысловую школу для навучаньня прыручаных мядзьведзяў. Школу тую жартам называлі смаргонскай акадэміяй. Мядзьведзі гэтай школы славіліся паўсюдна і дастаўлялі жыхарам прыбытковы промысел Смаргоні, што і дасюль слынныя сваімі абваранкамі (маленькімі бублікамі).”

(Харэўскі: ) “Вярнуліся мядзьведзі. Вядома ж, жывых мядзьведзяў у Смаргоні ўжо не пабачыш. Мядзьведзь з радзівілаўскім гербам “Трубы” стаў пару гадоў таму афіцыйным дзяржаўным гербам Смаргоні. Ці магчыма было б такое ў савецкі час? Калі вы гаворыце пра вяртаньне брэнду, дык я мог бы прапанаваць адкрыць у горадзе мядзьведжы цырк. І каб зусім турыстам не было сумна, можна было б паставіць помнік мядзьведзю. І ня сьмешна. Чамусьці ў Менску паставілі статуэткі коней і сабачкаў. А вось тое, чаго нідзе не пабачыш, —славутых смаргонскіх абаранкаў ды пернікаў, што некалі славіліся на казюковых кірмашах у Вільні! Прыкра.

Затое тут сёньня працуюць ліцейна-мэханічны, агрэгатны, бэтонны заводы, чыя прадукцыя вядомая ня толькі ў Беларусі. Выглядае, што новым брэндам Смаргоні сталі чыгунныя люкі, што ў нас пад нагамі ў кожным горадзе. Ну і зьявіліся найноўшыя там цікавосткі: краязнаўчы музэй, уласны тэлеканал, грувасткі праваслаўны храм і пратэстанцкая царква ў самым цэнтры гораду, як і паўтысячы гадоў таму. Пакрысе абрастае і насычаецца старымі й новымі брэндамі Нясьвіж, у адраджэньне якога ўкладаюць велізарныя сродкі, як і ў Мір. Тамака цяпер штовыходныя віруюць натоўпы цікаўных турыстаў. І дынаміка такая аптымістычная. Непазнавальна ўсё зьмянілася. Як і ў Наваградку, Лідзе, Слоніме”.

(Ракіцкі: ) “Ці можам мы канстатаваць розьніцу паміж захадам і ўсходам Беларусі?”

(Харэўскі: ) “Розьніца ёсьць. У заходняй Беларусі рэлігійнае адраджэньне адбылося цалкам натуральна, бо бальшыня храмаў тамака захавалася. І захавалася натуральная людзкая традыцыя. Калі, напрыклад, будуюцца касьцёлы на Гомельшчыне, часам нават там, дзе іх не было і за царом, то гэта выглядае сапраўдным бумам. А на Гарадзеншчыне — гэта проста вяртаньне да нормы. Хоць ня можа не дзівіць і росквіт пратэстантызму на захадзе Беларусі. Велізарныя шыкоўныя цэрквы баптыстаў, пяцідзясятнікаў ды іншых сталіся сапраўднымі найноўшымі адметнасьцямі многіх райцэнтраў, найперш на Берасьцейшчыне. Адзін Кобрынь чаго варты!

А слонімцы ганарацца цяпер тузінам сьвятыняў розных канфэсіяў — касьцёлы, малельныя дамы, праваслаўныя цэрквы, мячэт, мінарэт якога ўзвышаецца над Шчарай. Разбудоўваецца наноў Праабражэнскі сабор, што да 1846 году быў касьцёлам Канонікаў Лютэранскіх. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя яго зьнявечыў у псэўдарускім стылі архітэктар Чагін, а праз стагодзьдзе сьвятыню зруйнавалі саветы. Цяпер усё вяртаецца на свае месцы. І невялічкі Ленін ужо паказвае ня проста на ўсход, а акурат на сабор. З адраджэньнем Жыровіцкага манастыра, да якога можна дайсьці адтуль і пешкі, Слонім стаў насамрэч горадам пілігрымаў, якіх тут відаць паўсюль. Сапраўдны беларускі Ерусалім!”

(Ракіцкі: ) “А што з савецкай спадчынай? Хіба дзе нават і ў заходняй Беларусі прыбралі савецкія помнікі? Ці вярталі колішнія назвы вуліцаў?”

(Харэўскі: ) “Ёсьць прэцэдэнт з помнікам Леніну ў Навагарадку, яго замянілі на Міцкевіча. Часьцяком на помніках землякам, якія загінулі ў вайну, замест зорак мацуюць крыжы, а я бачыў і рэлігійныя скульптуркі. Глядзіцца цалкам натуральна, бо і кветкі тады і стужкі выглядаюць праяваю духоўнай шчырасьці. А на захадзе краіны сьмялей праводзілі перайменаваньне вуліцаў — у Маладэчне, Горадні, Наваградку.

Напрыклад, у Слоніме вуліцы Ружанскай вярнулі яе гістарычную назву: замест афрыканскага імя Патрыса Люмумбы. Першы праспэкт у Слоніме стаў называцца праспэктам Незалежнасьці. А новая вуліца побач з гэтым праспэктам стала насіць імя Францішка Скарыны. Плошчы Горкага надалі імя славутага слонімскага старасты Лява Сапегі. Вуліца Энгельса стала, як і семдзесят гадоў таму, называцца Опэрнай. Удалося вярнуць старую назву Студэнцкай вуліцы. Хоць у Слоніме няма пакуль ні опэрнага тэатру, ні ўнівэрсытэту. А ў Баранавічах тамтэйшыя патрыёты схітрылі — павесілі на вуліцы Савецкай адмысловыя шыльды з назвамі гэтай вуліцы ў розны час: па-расейску, нямецку, польску і па-беларуску. Называй сабе як хочаш...”

(Ракіцкі: ) “Падсумоўваючы, мусім канстатаваць, што бальшыня беларускіх гарадоў зьмяніла сваё аблічча на лепшае ў параўнаньні з савецкім часам. Што ж на вашу думку дало такі штуршок духоўнаму і культурнаму адраджэньню Беларусі?”

(Харэўскі: ) “Гэта шчырая дзейнасьць грамадзкіх, альбо, як тады казалі, “нефармальных” аб’яднаньняў, што разгарнулася дваццаць гадоў таму. У 1986—1987 гадах пачалі, усьлед за Менскам, за сталічнымі “Талакою”, “Сьвітанкам” ды іншымі, дзейнічаць моладзевыя аб’яднаньні па цэлым краі: “Талака” ў Гомелі, “Паходня” ў Горадні, “Узгор’е” ў Віцебску, “Повязь” у Воршы, “Маладзік” у Полацку, а таксама ў Наваполацку, Берасьці, Лідзе. Іх праца на ніве асьветніцтва і аховы помнікаў, археалягічна-рэстаўрацыйная праца, змаганьне за беларускасьць, правядзеньне фэстаў нідзе не прапала.

Калі ня ўсе іх мары зьдзейсьніліся, то зьдзейсьнілася вельмі шмат. І зьдзейсьнілася тое, пра што нават марыць было немагчыма: адроджаныя і спарадкаваныя сотні нашых помнікаў, адкрыліся дзясяткі цікавых музэяў, зьбераглася нацыянальная памяць і ўшанаваныя многія героі. Ну ці маглі мы думаць, што ў Слуцку самі ўлады адкрыюць помнік сьвятой князёўне Соф’і Алелькаўне Слуцкай, а ў Магілёве замест архіву будзе архікатэдральны касьцёл, у якім будуць адбывацца фэсты “Магутны Божа”? Што магілёўскі абкам вызваліць будынак пад мастацкі музэй ці полацкі дом афіцэраў саступіць месца школе мастацтваў?”
XS
SM
MD
LG