Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На віншаваньне Лукашэнкі зь перамогай ужо зьбіраюць грошы?


Радыё Свабода На многія прадпрыемствы і арганізацыі Беларусі пачалі паступаць незвычайныя лісты ад структуры, якая называе сябе "Кляс здаровых людзей". У яксьці зваротнага адрасу пазначана імя Канстанціна Глушанкова са Смаргоні. Капэрты упрыгожаная вялікімі лічбамі 19.03.06 і словамі “Мы ЗА! Мы перамаглі! Мы пераможцы!”

Аўтар лістоў Канстанцін Глушанкоў зазначыў, што ён дзейнічае адзін, і што разаслаў ужо тысячы лістоў.

У капэрту ўкладваецца таксама каляровы партрэт А. Лукашэнкі і ўмовы акцыі. Спадар Глушанкоў паведаміў, што рыхтуецца сьпіс людзей, якія будуць пэрсанальна віншаваць Лукашэнку зь перамогай на выбарах 19 сакавіка. Гэтае віншаваньне нібыта будзе перададзенае Лукашэнку асабіста разам з падарункам.

У лісьце арганізатар акцыі просіць прадставіць сьпісы супрацоўнікаў прадпрыемстваў для ўключэньня іх у свой сьпіс. Калі хто раней хоча патрапіць у "Віншавальны ліст", то павінен заплаціць 19 306 рублеў, калі гэтага хоча арганізацыя, то мусіць заплаціць 190 306 рублеў. Грошы прапануецца перасылаць у Смаргонь на адрас спадара Глушанкова.

Канстанцін Глушанкоў назваў сябе экспэртам па аздараўленчых мэтодыках. Ён паведаміў "Свабодзе", што пэўныя грошы ўжо атрыманыя, і ён гарантуе кантроль за выдаткаваньнем сродкаў, якія пойдуць на аздараўленчыя праграмы, а таксама на пасьлявыбарчы падарунак Лукашэнку.

Спадар Глушанкоў зазначыў, што ў першую чаргу ён накіраваў свае лісты ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, і рэакцыя адтуль была пазытыўнай.

Прадстаўнік ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін аднак назваў дзеяньні Глушанкова немаральнымі і правакацыйнымі.
XS
SM
MD
LG