Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Поп-агітатары заклікаюць галасаваць “за бацьку”


Ігар Карней, Менск Сёньня ў менскім Палацы спорту адбудзецца гала-канцэрт беларускіх і замежных артыстаў пад лёзунгам “За Беларусь!”. Агітатары стартавалі напачатку лютага ў Горадні і ахапілі ўсе абласныя цэнтры Беларусі. Цяпер даехалі і да сталіцы. Паведамляецца, што “цьвіком праграмы” стане песьня “Слушай Батьку” ў выкананьні ансамблю “Сябры”. Прэзэнтацыя твору некалькі дзён таму ўжо адбылася на Першым нацыянальным канале.

Агітаваць у Менск з Расеі прыехалі Валянціна Талкунова, Алег Газманаў, Валерыя, Яфім Шыфрын, Валеры Меладзэ, беларуска-расейскія артысты Руслан Аляхно, Натальля Падольская, Анжаліка Агурбаш, беларусы “Черника” і “Леприконсы”, Карыяна, Пётар Ялфімаў, Паліна Смолава, Алена Грышанава, а таксама замежныя “зоркі” сярэдзіны 1980-х — Аньне Вескі, гурты “Атаван” і “Бакара”. У часе папярэдніх канцэртаў наўпрост “за бацьку” агітавалі расейка Ілона Бранявіцкая і беларуска Ірына Дарафеева. Пра мэты ўдзелу ў гэтай акцыі гаворыць Мікалай Агурбаш — прадусар і муж сьпявачкі Анжалікі Агурбаш.

(Агурбаш: ) “Мы гэта робім ня дзеля канкрэтнай перамогі кагосьці. Дзеля агульнай справы! Мы, як бы гэта сказаць… Ствараем нейкія вобразы, робім учынкі, якія потым, спадзяемся, прынясуць посьпех”.

На канцэрце прагучыць расейскамоўны палітычны шлягер маскоўскіх кампазытара Алега Сарокіна і паэта Яўгена Мураўёва — “Слушай Батьку”. Саліраваць будзе сямейны дуэт Ярмоленкаў — бацька Анатоль і дачка Алеся зь “Сяброў”. 8 сакавіка ў рамках канцэрту “Майстры мастацтваў — за моцную і квітнеючую Беларусь” “Сябры” ўжо сьпявалі гэты твор. Вось урывак з яго:

Ладно сшит и крепко сложен, Он плохому не научит. Батька всех построить может, Батька всех других покруче. Разведет легко обиды, Он надежен и спокоен. Только глянет — сразу видно Кто у нас хозяин в доме.

Слушай Батьку! Утром, ночью, и днем… Слушай Батьку! Если плохо тебе… Слушай Батьку! Если все хорошо… Слушай Батьку!

Сам Анатоль Ярмоленка кажа, што яго ўжо “дасталі” просьбамі камэнтароў, каротка ўдакладніўшы, што ў кожнай сям’і ёсьць бацька, і калі хто пераносіць гэта на пэрсаналіі, то ён, Ярмоленка, тут ні пры чым. Чаму песьня “Слушай Батьку” зьявілася напярэдадні выбараў, сказаць таксама адмовіўся.

Асобныя беларускія выканаўцы не хаваюць, што ўдзел у падобных канцэртах — ледзьве не адзіны шанец зьявіцца на вялікай аўдыторыі. Таму нейкія прынцыпы адыходзяць на задні плян. Сьпявачка Іна Афанасьева лічыць, што ўвесь гэты ажыятаж трэба папросту перажыць.

(Афанасьева: ) “Мне здаецца, што гэты пэрыяд, пра які ўсе гавораць, шумяць, усім ён не падабаецца — ая-яй, як дрэнна, насамрэч, гэта ўсё трэба проста крыху перажыць і перачакаць. Тое, што цяпер адбываецца, усё роўна празь нейкі час заціхне. Я ў гэтым перакананая на 100 адсоткаў”.

Лідэр поп-фольк-гурту “Палац” Алег Хаменка кажа, што ўлады карыстаюцца непераборлівасьцю часткі беларускіх слухачоў, якія яшчэ ад савецкага часу лічаць “сваімі” маскоўскіх поп-зорак, раскручаных на расейскіх каналах.

(Хаменка: ) “Мы працуем на маскоўскую папулярную музыку. Грошы, якія чалавек зарабіў на МАЗе ці на трактарным заводзе, куды ён нясе? На не вядомыя яму “Палац” ці “Яр”? Ён панясе на “алегравых” ды “газманавых”. Гэта, на жаль, такая нацыянальная палітыка”.

• Фрагмэнт песьні "Слушай Батьку"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG