Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Польшчы прыняў адмысловую заяву да беларускіх выбараў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сэйм Польшчы сёньня аднагалосна прыняў ухвалу ў справе сытуацыі ў Беларусі напярэдадні выбараў. Пра зьмест дакумэнту, прапанаванага дэпутатам Робэртам Тышкевічам, расказвае наш варшаўскі карэспандэнт.

У дакумэнце гаворыцца, што Сэйм Польшчы выказвае глыбокую занепакоенасьць хадой выбарчай кампаніі ў Беларусі.

“Сэйм рашуча асуджае грубыя парушэньні беларускімі ўладамі правоў беларускага народу на свабоднае выказваньне ўласнай волі ў свабодных і справядлівых выбарах. З асаблівай занепакоенасьцю адзначаем выпадкі ўжываньня сілы, пазбаўленьня свабоды, перасьледу запалохваньня апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта а таксама актывістаў дэмакратычнай апазыцыі і нацыянальных меншасьцяў, асабліва палякаў, якія жывуць у Беларусі”, – гаворыцца ва ўхвале.

Дэпутаты зьвярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам шанаваць дэмакратычныя стандарты ў часе выбараў, асабліва што тычыцца свабоднага доступу ўсіх кандыдатаў да мэдыяў.

Далей у дакумэнце гаворыцца:

“Сэйм выказвае салідарнасьць зь беларускім народам і запэўнівае, што і надалей будзе працягваць падтрымліваць тых беларусаў, якія змагаюцца за свабодную і дэмакратычную Беларусь... Моцная, незалежная Беларусь гэта неабходны элемэнт эўрапейскага ладу і гарантыя добрасуседзтва ў Эўропе”, – гаворыцца ў прынятай аднагалосна ўхвале польскага Сэйму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG