Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Independent”: “Вы не пабачыце Лукашэнку ў джынсах”


Радыё Свабода Заходнія сродкі масавай інфармацыі шмат паведамляюць пра падзеі ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Прапануем агляд публікацый у нямецкіх, брытанскіх і чэскіх мэдыях.

Нямецкая “Rheinischer Mercur” у артыкуле “Абачлівы баец” піша пра кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча. Газэта адзначае, што Мілінкевіч зьнешне падобны на Леха Валэнсу, і ў яго ёсьць нейкая роднасьць з Вацлавам Гавэлам. Гэта першы кандыдат ад беларускай апазыцыі, які быў прыняты ў Страсбуры і ў Нямеччыне на вышэйшым узроўні. Паводле “Rheinischer Mercur” Аляксандар Мілінкевіч – найбольш пэрспэктыўны супернік Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах, і гэта ягоная заслуга, што ў Беларусі ізноў займаюцца палітыкай – адзіная, як ніколі раней, апазыцыя змагаецца супраць дыктатара.

Чэскае “Радыё Прага” распавядае пра дэбаты аб накірунках замежнай палітыкі Чэхіі ў дачыненьні да краінаў, у якіх парушаюцца правы чалавека – Беларусі, Расеі, Кубы і Кітаю. “Радыё Прага” прыводзіць фрагмэнт выступу кіраўніка МЗС Чэхіі Цырыла Свобады, які кажа, што Чэхія заклікае беларускі ўрад даць магчымасьць роўнага суперніцтва на выбарах прадстаўнікам апазыцыі. “Мы хочам, каб у Беларусі справа зрушылася зь мёртвай кропкі, але не чакаем гэтага хутка. Мы чакаем хаця б нейкага прагрэсу, але, на жаль, адзначае кіраўнік МЗС Чэхіі, на дадзены момант нічога добрага ў Беларусі не адбываецца”. Паводле Цырыла Свобады, Лукашэнка мае рацыю, калі гаворыць, што яму не спатрэбіцца фальсыфікаваць выбары, ён пераможа на іх на фальшывых асновах”, перадае “Радыё Прага”.

У сёньняшнім нумары брытанскай “Independent” – артыкул пра перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі праз дзейнасьць удзельнікаў праекту “Свабодны тэатар”. Адна з апошніх пастановак “Свабоднага тэатру” называецца “Джынсае пакаленьне”, яна заснаваная на рэальных падзеях з жыцьця апазыцыйных актывістаў. Газэта цытуе кіраўніка “Свабоднага тэатру” Мікалая Халезіна: “Джынс становіцца сымбалем свабоды. І вы ніколі не пабачыце Алксандра Лукашэнку ў джынсах, ён апранае цёмныя касьцюмы альбо хакейную форму”.

Брытанская газэта “Guardian” пад рубрыкай “камэнтар” сёньня зьмяшчае артыкул Джонатана Стыла пра маючыя адбыцца ў Беларусі выбары. Аўтар быў назіральнікам на рэфэрэндуме 1996 году і тады зрабіў высновы, што тая кампанія не была ані свабоднай, ані справядлівай. З таго часу ён ня быў у Беларусі 10 гадоў, але зь тэлефанаваньняў у Беларусь і гутарак зь людзьмі, якія наведвалі гэтую краіну, Стыл робіць выснову, што беларусы задаволеныя ўзроўнем свайго жыцьця. Паводле аўтара, людзі ў Беларусі празь дзевяць дзён будуць галасаваць, так бы мовіць, кашалькамі. Джонатан Стыл мяркуе, што заходнія ўрады і мэдыі глядзяць на Беларусь аднабакова, загадзя называючыя беларускія выбары фарсам. Пры гэтым аўтар прызнае, што Аляксандар Лукашэнка, канешне, ніякі не лібэрал, а хутчэй “славянскі Кастра”. Стыл называе кіраўніка Беларусі аўтарытарным папулістам, які хоча ўсё кантраляваць у краіне. Аўтар шмат піша пра станоўчыя зьмены ў эканоміцы Беларусі падчас кіраваньня Лукашэнкі, спасылаючыся на дадзеныя Міжнароднага валютнага фонду. Джонатан Стыл лічыць, што насуперак абвінавачаньнямі міжнароднай супольнасьці ва ўціску незалежных мэдыяў у Беларусі, у параўнаньні з 1996 годам сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі стала болей за кошт павелічэньня замежнага вяшчаньня на Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG