Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога дэпутата Сяргея Антончыка і ягонага сына Аляксандра асудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гэтае рашэньне вынесла судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Надзея Равуцкая, якая ўчора, 9 сакавіка, асудзіла да арышту старшыню БНФ Вінцука Вячорку і яшчэ пяцёх актывістаў. Бацьку і сына Антончыкаў прызналі вінаватымі ў непадпарадкаваньні і супраціве міліцыі.

Сёньня, 10 сакавіка, сьпіс арыштаваных апазыцыянэраў папоўніў Сяргей Антончык, былы дэпутат і адзін з арганізатараў рабочага руху ў Беларусі пачатку 1990-х гадоў.

Сяргея Антончыка затрымалі раніцай каля прыпынку непадалёк ад дому — ён праводзіў на працу свайго сына Аляксандра.

Як пазьней паведаміў Сяргей Антончык, трое ў цывільным напалі на яго і пацягнулі ў аўтамабіль, нават не назваўшы сябе. Пасьля яны паказалі свае дакумэнты, і тады Антончык сам сеў у міліцэйскі аўтамабіль.

Затрымалі былога дэпутата супрацоўнікі палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Юры Аксюта, Аляксей Іваноў і Сяргей Жур.

Яны ж у судзе сьведчылі, што апазыцыянэр нібыта брыдкасловіў і аказваў супраціў. Іх паказаньняў судзьдзі Надзеі Равуцкай хапіла, каб прызнаць Сяргея Антончыка вінаватым і даць яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Гэты прысуд Сяргей Антончык пракамэнтаваў каротка: “Пачалася зачыстка”.

(Антончык: ) “Ідзе зачыстка напярэдадні выбараў. Бо сёньня я проста ішоў па вуліцы... Мяркую, ёсьць пэўны сьпіс людзей, якіх яны будуць хапаць і саджаць пад любым соўсам і даваць альбо адміністрацыйныя арышты, альбо нешта іншае”.

Разам зь Сяргеем Антончыкам быў затрыманы і ягоны сын Аляксандар, які абураўся дзеяньнямі міліцыянтаў, калі тыя цягнулі ў аўтамабіль ягонага бацьку.

Пасьля кароткага разьбіральніцтва з удзелам тых жа сьведкаў судзьдзя Надзея Равуцкая асудзіла на 15 сутак і сына Антончыка.

Сяргея Антончыка ў гэты час ужо адвезьлі ў райаддзел міліцыі. Камэнтуючы свой прысуд, Сяргей Антончык усё ж не хацеў верыць, што гэтак жа пакараюць і сына.

(Антончык: ) “За што мяне — я разумею. Баяцца: а раптам Антончык пакліча людзей на плошчу? Але сын пры чым тут? У сына жонка цяпер у дэкрэтным адпачынку, ён адзіны, хто зарабляе грошы ў іх сям’і. Ён працуе зборшчыкам шклопакетаў, просты рабочы”.

У ізалятар на Акрэсьціна Сяргей Антончык выправіўся з пакетам лекаў — у яго хворае сэрца.

Раніцай на вуліцу ён выходзіў паводле рэкамэндацыі дактароў — каб падыхаць сьвежым паветрам. Як прызнаўся Сяргей Антончык, ад актыўнай палітыкі ў сувязі з хваробай ён адышоў некалькі месяцаў таму.

***

Нагадаем, што ў сьнежні 1994 году дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Антончык выступіў з дакладам аб карупцыі ў камандзе Лукашэнкі. Замест дакладу ў газэтах зьявіліся “белыя плямы”. Паводле позвы тагачаснага кіраўніка спраў прэзыдэнта Івана Ціцянкова, Антончык быў асуджаны да канфіскацыі маёмасьці.

У красавіку 1995 года Сяргей Антончык быў зьбіў зьбіты ў ліку іншых дэпутатаў Апазыцыі БНФ пад час галадоўкі ў залі парлямэнту.

У жніўні таго ж 1995 году пад час страйку супрацоўнікаў Менскага мэтрапалітэну Сяргей Антончык, нягледзячы на дэпутацкі імунітэт, быў затрыманы і больш як суткі пратрыманы на тэрыторыі спэцыяльнай часткі ўнутраных войск.

Пазьней Сяргей Антончык займаўся стварэньнем незалежных прафсаюзаў. Улады неаднаразова арыштоўвалі былога дэпутата, апошні раз восеньню 2004 году. Тады ён атрымаў 15 сутак за правядзеньне “несанкцыянаванага сходу” на сваёй уласнай кватэры.


Судзьдзя Надзея Равуцкая (па-расейску: Реутская Надежда Заловна)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG