Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія сацыяльныя гарантыі грамадзянам абяцаюць кандыдаты


Радыё Свабода Усе бяз вынятку прэтэндэнты кажуць пра значнае падвышэньне пэнсіяў і заробкаў, пра падтрымку шматдзетных сем’яў, моладзі, інвалідаў. Якімі спосабамі яны будуць дасягаць гэтых мэтаў?

Сяргей Гайдукевіч ня можа назваць дакладных лічбаў, якая ў пэнсіянэраў будзе пэнсія, а ў студэнтаў стыпэндыя, колькі будуць плаціць беспрацоўным і цяжарным жанчынам – у выпадку, калі ён прыйдзе да ўлады.

(Гайдукевіч: ) “Усё гэта залежыць ад чаго? Ад бюджэту, ВУП і эканамічнай кампанэнты краіны. Калі, напрыклад, нейкі кандыдат на прэзыдэнта будзе казаць: вось, заўтра я прыйшоў і ў вас будзе такая й такая пэнсія – гэта ўсё, вы разумееце, папулізм”.

На фармаваньне беларускага бюджэту ўплываюць шмат якія фактары, нагадвае спадар Гайдукевіч, у тым ліку кошты на нафту й газ. Каб бюджэт, зь якога фінансуюцца ўсе сацыяльныя патрэбы, лепей напаўняўся й меней залежаў ад коштаў на энэрганосьбіты, трэба даць магчымасьць для разьвіцьця бізнэсу. Кандыдат таксама кажа пра неабходнасьць найхутчэй зладзіць пэнсійную рэформу.

Пра праблемы фармаваньня беларускага бюджэту, зь якога фінансуюцца ўсе сацыяльныя праграмы, згадвае й намесьнік кіраўніка штабу Аляксандра Казуліна Іван Анташкевіч. Канкрэтных лічбаў, да якіх трэба імкнуцца ў вызначэньні памеру пэнсіяў, стыпэндыяў і дапамогаў (апрача грашовых дапамогаў пры нараджэньні дзяцей), спадар Анташкевіч таксама не называе.

(Анташкевіч: ) “Калі я вам скажу, што будзе, напрыклад, 100 даляраў дапамога беспрацоўнаму, то я скажу няпраўду. Мы нідзе ў сябе не агаворвалі, якую дапамогу мы будзем плаціць беспрацоўнаму з прывязкай да даляра. Мы кажам – ня менш за пражытковы мінімум”.

Пэнсіі для інвалідаў будуць прывязаныя да сярэдняга заробку па краіне, абяцае Іван Анташкевіч. Праўда, які працэнт ад заробку складуць тыя пэнсіі, пакуль невядома. Таксама ёсьць праграма, што дазволіць за тры-чатыры гады палепшыць жыльлёвыя ўмовы ўсіх інвалідаў.

На сацыяльныя праграмы трох апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі беларускі электарат нават не зьвяртае ўвагі, лічыць палітоляг Юры Шаўцоў. Маўляў, насельніцтва разумее, што альтэрнатыўныя кандыдаты ня здолеюць даць болей гарантыяў, чым дзейны кіраўнік краіны.

(Шаўцоў: ) “У вельмі значнай ступені ўсё будзе залежаць ад коштаў на паліва, якое да нас прыходзіць з Расеі. Тыя кошты, якія мы сёньня маем, даюцца толькі пад Лукашэнку. Пад любога іншага кандыдата з тых, што мы маем, ніхто такіх коштаў ня дасьць”.

Аляксандар Мілінкевіч пасьпеў паабяцаць вялікія грашовыя дапамогі пры нараджэньні дзяцей. Яшчэ адно з “сацыяльных абяцаньняў” кандыдата – скасаваць у дзяржаўных ВНУ навучаньне на платнай аснове. Са словаў прадстаўніка выбарчага штабу кандыдата, Станіслава Багданкевіча, рэктараты шмат якіх дзяржаўных унівэрсытэтаў занадта зацікаўленыя ў выцягваньні грошай з насельніцтва.

(Багданкевіч: ) “Мы лічым, што гэтага рабіць ня варта, што дзяржава павінна быць аддзеленая ад прыватнага сэктару, каб не было карупцыі, каб не было спакусы падвышаць плату й такім чынам фінансаваць дзяржаўныя ВНУ”.
XS
SM
MD
LG