Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Усе кандыдаты сёньня знаходзяцца ў рэгіёнах


Радыё Свабода Асноўная агітацыйная праца прыхільнікаў кандыдатаў на прэзыдэнта пераходзіць сёньня ў рэгіёны. С.Гайдукевіч будзе езьдзіць па Гарадзенскай вобласьці, А.Казулін і А.Мілінкевіч – па Берасьцейскай, А.Лукашэнка – па Менскай.

На пытаньне, дзе сёньня асноўны цэнтар агітацыйнай кампаніі Сяргея Гайдукевіча, кіраўнік ягонага штабу Ўладзімер Карунас спаслаўся менавіта на рэгіёны. Але адмовіўся ўдакладніць адрасы найбольшай актыўнасьці.

(Карунас: ) “Усюды аднолькава, усюды добра. Ніякіх праблемаў няма. Раскідваньне ўлётак – гэта галоўная задача”.

Кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна чакаюць сёньня ў Баранавічах. Падрабязнасьці паведамляе Віктар Карлінскі.

(Карлінскі: ) “Сустрэча адбудзецца ў Доме афіцэраў. Гэта вызначана канчаткова. Сёньня нашыя людзі разьвешваюць аб’явы з партрэтамі. У горадзе мы налічылі 33 кропкі, дзе яшчэ можна гэта зрабіць”.

Суразмоўца таксама даводзіць, што сябры штабу Аляксандра Казуліна вымушаныя загадзя рыхтавацца да магчымых канфліктаў.

(Карлінскі: ) “Была група малойчыкаў БРСМ і, мяркую, што яны ізноў гэта будуць рабіць. Паспрабуюць сарваць сустрэчу”.

У Баранавіцкім гаркаме БРСМ спрабую ўдакладніць пляны прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі на сёньня. І вось што тлумачыць першы сакратар Сяргей Пяцігораў.

(Пяцігораў: ) “Я не хачу даваць зараз нейкія зьвесткі. Мяркую, што тыя, хто будуць там прысутнічаць, самі ўсё пабачаць”.

(Карэспандэнт: ) “А якія на сёньня заплянаваныя мерапрыемствы па падтрымцы дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі?”

(Пяцігораў: ) Натуральна, што мы прымаем актыўны ўдзел й выказваем сваю грамадзянскую пазыцыю”.

А чым адметны сёньняшні дзень ў Кобрыне? Што новага напярэдадні сустрэчы кандыдата на прэзыдэнта Аляксандара Мілінкевіча? Слухаем сябра ініцыятыўнай групы Станіслава Чарніцкага.

(Чарніцкі: ) “Перашкодаў не павінна быць, я так лічу. Вызначылі залю, далі абвестку па мясцовым радыё”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы робіце у горадзе, каб кандыдата на прэзыдэнта лепш ведалі?”

(Чарніцкі: ) “Пікеты. Усё ж працуе... Разносім, расклейваем улёткі й плякаты. Хаця вечарам клеім, а раніцай нічога не застаецца. Мы ізноў клеім. І так кожны дзень”.

Аляксандар Лукашэнка правядзе працоўную паездку ў Менскую вобласьць, у цэнтры ягонай увагі, як паведамляецца, будуць пытаньні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Салігорскага раёну.
XS
SM
MD
LG