Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якой мэтай улады распачалі масавыя арышты лідэраў апазыцыі?


Радыё Свабода Шэраг актывістаў штабу Аляксандра Мілінкевіча на чале з Вінцуком Вячоркам асуджаныя на 15 сутак арышту. Цягам аднаго дня былі зьняволеныя 9 чалавек. На гэткі ж тэрмін раней быў арыштаваны кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча ў Магілеве Ўладзімер Шанцаў. Ператрусы, арышты, суды над прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці адбываюцца цяпер у многіх гарадах Беларусі. Як гэтыя падзеі камэнтуюць вядомыя ў краіне палітолягі?

Кіраўнік Нацыянальнага камітэту аб’яднанай апазыцыі Анатоль Лябедзька пакараны штрафам у памеры 50 базавых велічыняў. Па-ранейшаму застаюцца ў зьняволеньні чацьвёра лідэраў грамадзкай арганізацыі “Партнэрства”.

Шырокамаштабны наступ уладаў на актывістаў дэмакратычнага палітычнага руху, скіраваны для дасягненьня двух мэтаў – заяўляе палітоляг Андрэй Фёдараў.

(Фёдараў: ) “Ну, па-першае – гэта спроба прыбраць, зьвесьці з палітычнай сцэны найбольш актыўных лідэраў апазыцыі. Дзіўна, што яшчэ Лябедзьку 15 сутак не далі, хоць усе магчымасьці для гэтага ва ўладаў былі. Такім чынам: Лябедзька, Вячорка, Калякін – магчыма, таксама недзе апынецца, бо час яшчэ ёсьць. А па-другое, мне падаецца гэта спроба запалохаць астатніх, хто рыхтуецца да нейкага выхаду на плошчу ў адпаведнасьці з заклікам Мілінкевіча. І наколькі я чуў – Казулін у Кіеве таксама заклікаў. Так, што я думаю, што тут дзьве мэты прысутнічаюць”.

З таго, што адбываецца сёньня, дэмакратычная апазыцыя мае рабіць самыя сур’ёзныя высновы на пэрспэктыву – перакананы палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

(Мацкевіч: ) “Ніякіх легальных магчымасьцяў у нас не застанецца для наступнай працы. Таму трэба будзе проста вучыцца жыць так, як жывуць дысыдэнты на Кубе. А таксама рыхтавацца да сур’ёзных і, так бы мовіць, грунтоўных формаў змаганьня. Зьнянацку, з наскоку зараз нічога вырашыць нельга. Зараз мы павінныя рыхтавацца да сур’ёзнага супрацьстаяньня й барацьбы – грунтоўнай, дакладнай, як на тэарэтычным узроўні, так і на практычным – на ўсіх. Усё зразумела: калі мы хочам зрабіць зь Беларусі нешта больш-менш дэмакратычнае й эўрапейскае, то трэба падыходзіць да гэтага з усёй сур’ёзнасьцю”.

Гаварыў Уладзімер Мацкевіч. На цяперашнія паводзіны ўладаў, а менавіта – масавы перасьлед лідэраў апазыцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў – самы непасрэдны ўплыў зрабілі “каляровыя” рэвалюцыі, што адбыліся ў іншых дзяржавах – мяркуе палітоляг Уладзімер Роўда.

(Роўда: ) “Безумоўна, “каляровыя рэвалюцыі” паўплывалі, асабліва Ўкраінская, бо ўкраінскі народ вельмі блізкі да Беларускага. У Беларусі іншая сытуацыя, але тым ня менш: ведаючы, што ў суседніх краінах аналягічныя аўтарытарныя рэжымы сышлі, і сысьці гэтым рэжымам дапамог народ, беларускія ўлады, безумоўна, думаюць пра нейкія магчымасьці паўтору гэтага ў нашай краіне. І ёсьць такая паліталягічная канцэпцыя, зьвязаная з тлумачэньнем трэцяй хвалі дэмакратызацыі, якая пачала адбывацца з канца 70-х гадоў, і гэтая хваля яшчэ працягваецца ўжо на пасьлясавецкай прасторы. Адным з галоўных чыньнікаў гэтай трэцяй хвалі ёсьць такая “інфэкцыя”, калі рэвалюцыйны рух зараджаецца гэтым вірусам рэвалюцыі й перакідваецца з адной краіны на іншую. Як гэта, да прыкладу, адбылося ў 1989 годзе, у 90-м годзе ва Ўсходняй Эўропе, а пасьля, напрыканцы 90-х, у той жа Славакіі, потым Югаславіі, Харватыі. Так у прынцыпе зараз можа адбыцца й тут. І таму, безумоўна, гэта таксама падстава для развагаў і для нашай апазыцыі й для нашага рэжыму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG