Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бундэстаг Нямеччыны запатрабаваў свабодных выбараў у Беларусі


Радыё Свабода У часе сёньняшняга паседжаньня Бундэстагу нямецкія парлямэнтары выказалі сумненьне адносна таго, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі. Яны адзначылі важнасьць незалежнага назіраньня за гэтымі выбарамі і вырашылі ў якасьці назіральнікаў накіраваць у Менск сем дэпутатаў ад Бундэстагу. Усяго ж Нямеччына накіруе на назіраньне ў Беларусь каля 40 экспэртаў.

Як вынікае з тэксту адмысловай рэзалюцыі, пад якой падпісаліся прадстаўнікі ўсіх парлямэнцкіх фракцыяў акрамя левых, перадвыбарчая кампанія ў краіне праходзіць на тле магутнага ціску на апанэнтаў рэжыму і выклікае вялікую заклапочанасьць у Нямеччыне.

Як паведаміла “Свабодзе” кіраўніца рабочай групы па Беларусі, сацыял-дэмакратка Ута Цапф, гэты дакумэнт перададзены ў беларускую амбасаду ў Бэрліне з тым, каб беларускае кіраўніцтва было тэрмінова азнаёмлена з пазыцыяй нямецкіх парлямэнтароў. У размове з нашым радыё спадарыня Ута Цапф сказала:

(Цапф: ) “У нашай рэзалюцыі выказанае галоўнае агульнае патрабаваньне, каб выбары прайшлі свабодна і празрыста, каб ўсе кандыдаты маглі бесьперашкодна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, каб ім была гарантаваная асабістая бясьпека, каб усе яны мелі аднолькавы доступ да мэдыяў. Зразумела, многія дэпутаты ў часе дэбатаў выказалі свой скептыцызм адносна таго, што ўсё гэта будзе выканана. Бо ў апошнія два тыдні рэпрэсіі рэжыму супраць апазыцыі толькі ўзмацняюцца. Напрыклад, кандыдат у прэзыдэнты Казулін быў зьбіты, а прадстаўнікі штабу Мілінкевіча Вячорка быў арыштаваны і знаходзіцца ў турме. Канфіскуюцца розныя агітацыйныя матэрыялы, плякаты, наклады незалежнай газэты “Народная воля”. Атака рэжыму на альтэрнатыўных кандыдатаў, ўдзельнікаў іх штабоў, на ўсіх тых, хто складае апазыцыю ўладам, беспрэцэдэнтная і масіўная”.

Сёньня ж другі нямецкі палітык, хрысьціянскі дэмакрат Эльмар Брок разам са сваімі калегамі па Эўрапарлямэнце палякам Богданам Кліхам і латышом Алдысам Кушкісам зрабіў адмысловую заяву да кіраўніцтва Эўразьвязу з тым, каб яно адпаведна адрэагавала на разьвіцьцё беларускіх падзеяў. Эўрапарлямэнтары заклікалі Брусэль да канкрэтных санкцыяў, накіраваных супраць тых беларускіх чыноўнікаў, якія непасрэдна адказваюць ці маюць дачыненьне да парушэньняў на выбарах. Дэпутататы прапануюць пашырыць сьпіс афіцыйных асобаў, якім забаронены ўезд у ЭЗ, а таксама замарозіць іхныя замежныя рахункі і актывы.
XS
SM
MD
LG