Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Казулін прапанаваў Мілінкевічу разам зьняцца з выбараў


Алесь Дашчынскі, Менск На ініцыятыву Аляксандра Казуліна сёньня адбылася яго сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам. Спадар Казулін перадаў некалькі прапановаў кандыдату ад аб’яднанай апазыцыі.

Аляксандар Казулін заклікаў Аляксандра Мілінкевіча за некалькі дзён да выбараў прыняць сумесную заяву аб зьняцьці сваіх кандыдатураў. Аляксандар Казулін лічыць, што правядзеньне датэрміновых выбараў ёсьць незаконным. Ён таксама абвінавачвае ўлады ў грубым парушэньні дзейнага заканадаўства. Казулін прапануе запатрабаваць ад уладаў у адпаведнасьці з Канстытуцыяй правесьці прэзыдэнцкія выбары 16 ліпеня гэтага года.

Таксама спадар Казулін прапануе Аляксандру Мілінкевічу разгледзець пытаньне аб адзіным кандыдаце адпаведна існуючай унутранай і зьнешняй сытуацыі і прыняць дэклярацыю аб сумесных дзеяньнях. Прэсавы сакратар спадара Казуліна Ніна Шыдлоўская заявіла, што ўсё будзе залежаць ад таго, якое рашэньне прыме палітычная рада аб’яднаных дэмсілаў.

(Шыдлоўская: ) “Сытуацыя разгортваецца досыць імкліва. І тут ужо патрэбныя рашучыя дзеяньні, а не дэклярацыі. Улада прымяняе да ўсіх асобаў абсалютна аднолькавыя мэтады. Чым далей, тым гэтыя мэтады будуць больш жорсткія. Тым больш сытуацыя вымушае ісьці адным фронтам”.

Кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін, які браў удзел у сустрэчы кандыдатаў, кажа, што да разгляду прынятыя дзьве прапановы Аляксандра Казуліна. Аднак пакуль няма ніякага канкрэтнага адказу з боку каманды Мілінкевіча.

(Калякін: ) “Мы прынялі да разгляду дзьве прапановы. Першая, гэта прапанова разгледзець магчымасьць зьняцьця. І па-другое, гэта разгледзець магчымасьць нашага ўзаемадзеяньня пры тым, што мы абодва ідзем на выбары. Вось гэта мы будзем разглядаць”.

А што да прапановы аб адзіным кандыдаце?

(Калякін: ) “Мы сказалі, што яна невыканальная сёньня і нікога ня трэба ўзводзіць у зман”.

Сёньня ж Аляксандар Казулін сустрэўся з Радай беларускай інтэлігенцыі. Паводле прэсавага сакратара Ніны Шыдлоўскай, удзельнікі сустрэчы выказалі падтрымку рашучым дзеяньням кандыдата ў прэзыдэнты.
XS
SM
MD
LG