Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыса Хамайду аштрафавалі больш як на 5 мільёнаў


Радыё Свабода Суд Чыгуначнага раёну разгледзеў адразу дзьве адміністрацыйныя справы, заведзеныя на апазыцыянэра: першая – за распаўсюджваньне незалежнага друку, а другая – за заклік байкатаваць прэзыдэнцкія выбары.

Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ала Бардзюкова пакарала спадара Хамайду двума грашовымі штрафамі. Адным – за распаўсюджваньне “БДГ. Деловой газеты”, паводле міліцэйскага пратаколу ад 7-га лютага, калі яго затрымалі на вуліцы Леніна і забралі 41 паасобнік газэты. Другі штраф быў накладзены за заклікі да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў, бо 22-га лютага міліцыянты затрымалі спадара Хамайду разам з плякатам “Байкот выбараў – гэта маральная перамога”.

На судзе Барыс Хамайда тлумачыў спадарыні Бардзюковай, што лічыць легітымнай толькі Канстытуцыю 1994-га году, і што пасьля рэферэндуму 1996-га году ў Беларусі няма ўмоваў, каб правесьці сапраўды справядлівыя выбары.

(Хамайда: ) “Яна мяне ўважліва выслухала, а потым сказала: “Барыс Ханонавіч, я ўсё зразумела: вы жывяце паводле Канстытуцыі 1994-га году, а я працую паводле Канстытуцыі 1996-га году. Таму, згодна з артыкулам 154, часткай першай – гэта прадпрымальніцкая дзейнасьць без дазволу, і вам 21 базавая велічыня штрафу, агульная сума 651 тысяча рублёў. А згодна з артыкулам 167 часткай другой, за несанкцыянаванае пікетаваньне – 151 базавая велічыня штрафу, гэта на 4 мільёны 681 тысяча рублёў”.

Калі скласьці абодва штрафы разам, атрымліваецца 5 мільёнаў 332 тысячы рублёў. Спадар Хамайда ня мае, адкуль узяць такія грошы, бо адзіны ягоны прыбытак на жыцьцё – гэта платнае распаўсюджваньне газэты “Віцебскі кур’ер”.

Цяпер у Віцебску Барыс Хамайда – безумоўны лідэр па колькасьці і па сумах штрафу, накладзеных на яго за апазыцыйную дзейнасьць: згодна з рашэньнямі судоў, ён вінны бюджэту больш за 20 мільёнаў. Аднак за апошнія 12 год ён не сплаціў ніводнага штрафў: спадар Хамайда гаворыць, што прынцыпова ня хоча падтрымліваць грашыма цяперашнюю дзяржаўную ўладу.
XS
SM
MD
LG