Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ня хочуць бачыць на выбарах дэпутатаў Эўрапарлямэнту


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта сёньня заявіў падчас брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў. Паводле ягоных словаў, Беларусь своечасова запрасіла замежных назіральнікаў, але толькі з тых міжнародных парляменцкіх структураў, членам якіх зьяўляецца Беларусь.

Прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства папярэдзіў міжнародныя парлямэнцкія структуры пра неабходнасьць афіцыйнай акрэдытацыі міжнародных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Ён нагадаў, што назіральнікі з-за мяжы могуць прыехаць выключна па запрашэньню наступных асобаў альбо арганізацыяў: прэзыдэнта Беларусі, Нацыянальнага сходу, Міністэрства замежных справаў і Цэнтарвыбаркаму.

Паводле Андрэя Папова, апошнім часам актыўна распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што некаторыя замежныя назіральнікі хочуць прыехаць у Беларусь бяз адпаведнага запрашэньня:

(Папоў: ) "Гэта цалкам пацьвярджаецца апошнімі заявамі дэпутата Эўрапарлямэнту Богдана Кліха пра тое, што на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі плянуецца паездка спэцыяльнай дэлегацыі Эўрапарлямэнту. Дэпутаты Эўрапарлямэнту, згодна зь іх уласным прызнаньнем, нават не зьбіраюцца зьвяртацца па запрашэньне, паколькі яны не прызнаюць парлямэнт Беларусі. Такім чынам, гэтыя дэпутаты сьвядома ідуць на канфлікт, нягледзячы на тое, што беларускі бок давёў Эўрапарлямэнту сваю пазыцыю пра непажаданасьць арганізацыі такога візыту".

Прэсавы сакратар МЗС публічна назваў і прычыны, паводле якіх, некаторыя міжнародныя назіральнікі хочуць любым чынам трапіць у Беларусь:

(Папоў: ) "Мэтай гэтак званых назіральнікаў зьяўляецца правакаваньне канфліктных сытуацыяў падчас правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і дэстабілізацыя сытуацыі ў краіне".

Дэлегацыя Эўрапарлямэнту ў складзе сямі чалавек мае намер прыехаць наступным тыднем у Беларусь для назіраньня за галасаваньнем. Кіраўнік дэлегацыі, парлямэнтар з Польшчы Богдан Кліх цьвердзіць, што ў групы няма ніякіх намераў правакаваць і дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі:

(Кліх: ) "Задачай дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справе назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі павінна быць магчымасьць назіраць апошнюю фазу выбарчай кампаніі, а менавіта, хаду галасаваньня 19 сакавіка. Гэтая нашая далегацыя ёсьць такой жа самай, як і ўсе іншыя, якія Эўрапейскі парлямэнт высылае на выбары ў іншыя краіны ўсяго сьвету".

Эўрапейскія парлямэнтары, якія зьбіраюцца прыехаць у Беларусь, як паведаміў Богдан Кліх, ужо зьвярнуліся ў амбасаду Беларусі ў Брусэлі з просьбаю выдаць ім візы.

Тым часам тры дэпутаты Эўрапарлямэнту, сярод якіх і спадар Кліх, выступілі з заявай, у якой адзначаецца, што "Эўразьвязу неабходна адпаведным чынам адрэагаваць на разьвіцьцё падзеяў у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў".
XS
SM
MD
LG