Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму Лукашэнка не пагаджаецца на тэледэбаты зь Мілінкевічам?


Радыё Свабода Сёньня на пытаньні слухачоў "Свабоды" адказалі сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, палітоляг Валер Карбалевіч, прэсавы сакратар кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка.

(Спадарыня: ) “Чаму колерам ці сымбалем руху кандыдата аб’яднанай апазыцыі выбраны сіні джынс? Няўжо не знайшлося годнай беларускай тканіны? Наколькі я ведаю, джынс не беларускае, чужое, з Эўропы”.

(Мажэйка: ) “Сіні джынс не зьяўляецца колерам мабілізацыйнай кампаніі Мілінкевіча. Сіні колер звычайна — колер мабілізацыйных кампаніяў моладзі. Аляксандар Мілінкевіч у сваіх выступах на тэлебачаньні і наагул у інтэрвію заўсёды падкрэсьлівае, што ён падтрымлівае моладзь, і тым самым падтрымлівае яе колер — у гэтай сытуацыі сіні джынс. Напрыклад, шалік у Мілінкевіча зь сіняга льну — можна сказаць, што гэта тканіна сымбалізуе Беларусь”.

* * *

(Спадар: ) “Я зьвяртаюся да Мікалая Лазавіка. Паважаны Мікалай Лазавік! Калі ласка, раскажы радыёслухачам і іншым людзям Беларусі, чаму Лукашэнка баіцца ісьці на дэбаты зь Мілінкевічам? Якая прычына?”

(Спадар: ) “Хацелася б пабачыць па тэлебачаньні дэбаты паміж дзейным прэзыдэнтам і кандыдатам у прэзыдэнты і пачуць адказы на шматлікія пытаньні”.

Адказвае сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Магу адказаць толькі адно: ня тое каб Лукашэнка баяўся ісьці на тэледэбаты — а Лукашэнка падчас гэтай выбарчай кампаніі наагул не выкарыстоўвае таго часу, які адведзены выбарчым заканадаўствам на правядзеньне агітацыйнай работы. Ён дзейнічае як прэзыдэнт, як дзейны прэзыдэнт.

Ён не запісваў сваіх выступленьняў, і тым больш не ўступае ні ў якія дэбаты. Для таго, каб правесьці тэледэбаты, мала таго, каб хтосьці заявіў: “Я хачу ўдзельнічаць у тэледэбатах”. Патрэбна яшчэ дамовіцца са сваімі суразмоўцамі. Прынамсі, у нас яшчэ тры кандыдаты. Чаму ж не правесьці гэтых тэледэбатаў паміж трыма кандыдатамі, якія заяўляюць аб сваёй гатоўнасьці ўдзельнічаць у гэтых тэледэбатах? Калі б быў канкрэтны факт, тады б мы гэта і абмяркоўвалі. Сёньня ўжо выступленьні па тэлебачаньні закончыліся. Цягнік ужо пайшоў”.

* * *

(Мікалай Аляксеевіч: ) “Да якога часу правакацыйнае Радыё Свабода будзе ліць на Беларусь хлусьню і паклёп, рабіць падборку нэгатыўных матэрыялаў са СМІ іншых дзяржаваў? Дзе вы бачылі ў Менску падаўленьне дэмакратыі, страх на вуліцах? Адкажыце канкрэтна! Якая дыктатура ў Беларусі, у чым яна выяўляецца? Ці вам складана зазірнуць у падручнікі, прачытаць, што такое дыктатура?

Адказвае палітоляг Валер Карбалевіч:

(Карбалевіч: ) “Ёсьць розныя вызначэньні тэрміну “дыктатура”. Адно зь іх, напрыклад, адносіць да дыктатарскіх рэжымаў такі дзяржаўны лад, у якім не існуе падзелу ўладаў, уся улада сканцэнтравана ў руках аднаго органу ці чалавека. Менавіта такая сытуацыя склалася сёньня у Беларусі. У краіне, як і ў савецкі час, фактычна ў фармальную дэкарацыю пераўтварыліся выбары, парлямэнт, мясцовыя саветы. Апазыцыя гвалтам выкінута з палітычнай сыстэмы і не дапускаецца ва ўладныя інстытуты. У Беларусі бясьсьледна зьнікаюць апанэнты ўлады.

Сёньня ў краіне сем палітычных зьняволеных, яшчэ зь дзясятак чалавек за палітычную дзейнасьць чакаюць суду па крымінальных артыкулах. Паўтара дзясятка незалежных газэтаў выкінуты зь дзяржаўнага распаўсюду напярэдадні выбараў. Цяпер, падчас выбарчай кампаніі, кожны дзень міліцыя затрымлівае актывістаў апазыцыі. Найбольш уражвальная падзея апошніх дзён — зьбіцьцё кандыдата ў прэзыдэнты Казуліна з санкцыі кіраўніка дзяржавы. У дэмакратычнай краіне такая сытуацыя была б немагчымая”.

* * *

(Спадар: ) “Я хацеў бы ведаць, як трансьлюецца радыёстанцыя “Рацыя” і Эўрапейскае радыё на Беларусь”.

Адказвае мадэратар радыё “Рацыя” зь Беластоку Яна Каменская:

(Каменская: ) “Радыё “Рацыя” гучыць а 20-й гадзіне менскага часу на частаце 1080 кілягерц. Гэта сярэднія хвалі. Нас добра чуваць у Швэцыі, Фінляндыі, па ўсёй Польшчы, у іншых краінах. Але, наколькі я ведаю, у Беларусі, прынамсі, ў Менску чуваць ня вельмі добра”.

Адказвае дырэктар Эўрапейскага радыё для Беларусі Зьміцер Новікаў:

(Новікаў: ) “Калі ласка, глядзіце старонку нашу ў Інтэрнэце: www.belradio.fm. Уся інфармацыя там”.
XS
SM
MD
LG