Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ двух актывістаў Мілінкевіча пасадзілі на 15 сутак


Радыё Свабода Яшчэ двух затрыманых на сустрэчы з кандыдатам Аляксандрам Мілінкевічам судзьдзя Мікалай Трубнікаў пакараў 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Раніцай 9 сакавіка судзьдзя Партызанскага раённага суду Менску Мікалай Трубнікаў пачаў разгляд адміністрацыйных справаў на затрыманых напярэдадні ўдзельнікаў сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам.

Да судзьдзі Трубнікава трапілі чатыры адміністрацыйныя справы — справы Аляксандра Зялко, Дзьмітрыя Кудраўцава, Арцёма Літвінко і Сяргея Лянцэвіча.

Усе яны былі затрыманыя ўжо пасьля сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам.

Маці Аляксандра Зялко Тацяна Зялко бачыла на свае вочы, як хапалі ўсіх чатырох.

(Зялко: ) “Аўтамабіль пад’ехаў раней і чакаў. Усё было зроблена гэтак, што іх пачакалі і акружылі, каб потым запхнуць у гэты аўтобус”.

Суд над Аляксандрам Зялком і Дзьмітрыем Кудраўцавым ужо адбыўся. Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і ў закліках сабрацца на Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка. Судзьдзя Трубнікаў палічыў, што гэта таксама парушэньне. Абодвух актывістаў ён пакараў 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Між тым, Аляксандар Зялко і Дзьмітры Кудраўцаў вінаватымі сябе не прызнавалі. Аляксандар Зялко даводзіў суду, што паводле 45-га артыкулу Выбарчага кодэксу кандыдаты ў прэзыдэнты маюць права сустракацца з выбарцамі дзе заўгодна, і ён прыйшоў на такую сустрэчу.

Што да заклікаў сабрацца 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы, то Аляксандар Зялко абверг гэтыя абвінавачаньні. Сьведкі-міліцыянты Арбузаў і Падабед, якія яго затрымлівалі, заявілі, што чулі гэтыя заклікі ад Зялко.

Тое самае сьведкі заявілі і пра Дзьмітрыя Кудраўцава. Актывіст ПКБ прасіў суд праглядзець відэастужку мітынгу і выклікаць іншых сьведкаў, але судзьдзя гэтыя хадайніцтвы адхіліў.

Прысуды Арцёму Літвінко і Сяргею Лянцэвічу стануць вядомыя пазьней. Між тым, Аляксандар Зялко мяркуе, што іх таксама пакараюць 15 суткамі.

(Зялко: ) “Таму што мы займаем актыўную пазыцыю. Мэта ўлады — каб менш было такіх актывістаў і каб запалохаць іншых актывістаў, якія пачнуць працаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG