Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эльмар Брок заклікаў Пуціна паўплываць на сытуацыю ў Беларусі


Юрась Бушлякоў, Прага Дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту ў складзе сямі чалавек мае намер прыехаць наступным тыднем у Беларусь для назіраньня за галасаваньнем на прэзыдэнцкіх выбарах. У інтэрвію нашаму радыё старшыня камісіі ў міжнародных справах Эўрапарлямэнту Эльмар Брок адзначыў, што перасьлед рэжымам Лукашэнкі беларускай апазыцыі фактычна не пакідае надзеі на правядзеньне сумленных і свабодных выбараў прэзыдэнта.

Кіраўнік дэлегацыі Эўрапалямэнту для назіраньня за выбарамі ў Беларусі Богдан Кліх не выключае, што дэлегацыя ня будзе прапушчаная на беларускую тэрыторыю. Эўрапейскі парлямэнт ня мае запрашэньня ад Нацыянальнага сходу Беларусі: эўрадэпутаты не падтрымліваюць кантактаў зь цяперашнім беларускім парлямэнтам, бо не прызнаюць яго за дэмакратычна абраны орган улады.

Напярэдадні чальцы дэлегацыі Эўрапарлямэнту для назіраньня за выбарамі ў Беларусі выступілі з заяваю, у якой асудзілі зафіксаваныя на працягу апошніх дзён парушэньні стандартаў дэмакратычных выбараў.

Старшыня камісіі ў міжнародных справах Эўрапарлямэнту Эльмар Брок заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна выкарыстаць свой уплыў на сытуацыю ў Беларусі для забесьпячэньня дэмакратычнага ходу выбарчай кампаніі на яе заключным этапе. У інтэрвію нашаму радыё Брок заявіў, што беларуская апазыцыя можа разьлічваць на падтрымку міжнароднай дэмакратычнай супольнасьці:

(Брок: ) “Я думаю, надыходзіць момант, калі мы павінны паказаць беларускім людзям, што зь імі салідарны дэмакратычны сьвет. Тут, у Эўропе, мы пачуваемся адказнымі зрабіць гэта, і я спадзяюся, сродкі масавай інфармацыі гатовыя паказаць Лукашэнку й ягонаму абкружэньню, што беларускі рэжым ізаляваны ў сьвеце”.

Тым часам прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў заявіў сёньня, што “назіраць за выбарамі ў Беларусі могуць толькі назіральнікі, афіцыйна запрошаныя беларускім бокам, якія атрымалі адпаведную акрэдытацыю”. “Мы чакаем тых, каго запрасілі, і не чакаем тых, каго не запрашалі”, – сказаў прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі. Паводле яго словаў, чакаецца, што ўсяго на выбарах у Беларусі будуць працаваць 434 назіральнікі ад СНД і 450 – ад Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG