Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі ідзе адміністрацыйны ўціск агітатараў Мілінкевіча


Радыё Свабода У Цэнтральным судзе Гомелю разглядалі адміністрацыйную справу на Андрэя Толчына, распаўсюдніка агітацыйных матэрыялаў Аляксандра Мілінкевіча. На судзе прысутнічалі назіральнікі АБСЭ.

Агітатара абвінавацілі ў парушэньні артыкулу 45 Выбарчага кодэксу, распараджэньня старшыні гарвыканкаму №39 “Аб устанаўленьні парадку распаўсюду агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь”, а таксама пастановы Цэнтравыбаркаму №13 пра парадак выкарыстаньня сродкаў масавай інфармацыі.

Міліцыя пяць разоў затрымлівала спадара Толчына на вуліцах з буклетамі Мілінкевіча, газэтамі “Народная Воля” і “Товарищ”, у якіх друкавалася праграма кандыдата на прэзыдэнта.

На судзе супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Ірына Клімовіч, якая, як упаўнаважаная асоба, склала на Толчына пяць пратаколаў, не змагла адказаць, якія менавіта палажэньні заканадаўства парушыў агітатар. Абвінавачаньні ўрэшце зьвяліся да таго, што спадар Толчын раздаваў агітацыйныя матэрыялы ў “не прызначаным месцы і ў не ўстаноўленай форме (раздача з рук)”.

На судзе высьветлілася, што і распараджэньне старшыні гарвыканкаму пра парадак распаўсюду агітацыйных матэрыялаў адменена.

Судзьдзя Марына Дамненка перанесла вынясеньне рашэньня на агітатара Толчына на 13 сакавіка.

* * *

Адклалі разгляд адміністрацыйнай справы і на агітатара Сяргея Трыфанава, якога таксама абвінавачваюць у распаўсюдзе агітацыйных матэрыялаў Мілінкевіча, газэтаў “Народная Воля” і “Товарищ” ў “не прызначаным месцы і ў не ўстаноўленай форме”.

Агітатар запатрабаваў на судзе перакладчыка з расейскай мовы на беларускую, паколькі судовае паседжаньне ў Цэнтральным судзе на беларускай мове не вядзецца, а расейскую ён ведае недасканала.

Судзьдзя Марына Дамненка патлумачыла, што ў судзе няма перакладчыка — і перанесла разгляд справы на 13 сакавіка.

* * *

Сёньня ў Гомелі ля ўнівэрсаму “Любенскі” міліцыя затрымала агітатараў Уладзімера Шуміліна ды Кацярыну Церашкову. Яны раздавалі буклеты Мілінкевіча і запрашэньне на сустрэчу зь ім, якая мае адбыцца ў Гомелі 14 сакавіка.

Прадстаўнік адміністрацыі Савецкага раёну Ўладзіслаў Забіяка склаў на агітатараў адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне выбарчага заканадаўства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG