Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За каго будуць галасаваць гарадзенцы?


Радыё Свабода Ці вызначыліся вы, за каго будзеце галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах? На гэтае пытаньне сёньня адказвалі жыхары Горадні.

(Спадар: ) “Я галасаваць зусім не хачу. Фактычна, гэтыя выбары — паказуха. Па вялікім рахунку, яны не патрэбныя, гэта марнаваньне грошай, усё вядома загадзя. Гэта папросту бачнасьць дэмакратыі, фарс, тэатар вялікі. Усё выразна відаць у тэлевізары — як адбываецца прамываньне мазгоў”.

(Сталы спадар: ) “Не магу сказаць нічога, я ня вызначыўся і, на жаль, ня бачыў выступаў кандыдатаў”.

(Маладая спадарыня: ) “Я добра ведаю Мілінкевіча — можна сказаць, сваячка ягоная, і мне здаецца, ён усё ж такі занадта мяккі”.

(Малады спадар: ) “Буду галасаваць за таго, хто і цяпер кіруе. У любой краіне існуе перадвыбарчая гонка, калі паліваюць гразёй адно аднаго”.

(Сталы спадар: ) “Думаю, што прагаласую за Мілінкевіча. Па-першае, ён гарадзенскі, навуковец, выкладчык. Я сам выкладчык, мне больш за ўсіх адпавядае менавіта гэты чалавек”.

(Сталы спадар: ) “Канечне, ведаю: за Мілінкевіча буду галасаваць. Таму што гэта не Лукашэнка, па-першае. Па-другое, таму што гарадзенскі. Мне здаецца, ён пачцівы чалавек, будзе праводзіць дэмакратычную палітыку, арыентаваную на эўрапейскія краіны. Карацей, цывілізаваную палітыку, бо мы стаміліся ад усяго, што робіцца ў нас”.

(Малады спадар: ) “Напэўна, за Лукашэнку. А якія іншыя кандыдаты? Я іншых папросту ня бачу. Я б, можа, і прагаласаваў бы за каго-небудзь іншага, але варыянтаў не відаць”.

(Сталы спадар: ) “Параімся яшчэ з жонкай. А якія могуць быць думкі? Відаць, буду галасаваць за гэтага прэзыдэнта, які ёсьць. Але ў кожнага сваё меркаваньне, у жонкі можа быць зусім іншае”.

(Сталы спадар: ) “Чаму гэта выбары 19-га? Выбары 15-га будуць. Так, я ведаю, за каго буду галасаваць: за Лукашэнку. Чаму б за яго і не галасаваць, чым быць не задаволеным? Стабільнасьць, праца. Мне, канечне, ягоная лексыка падчас выступу на зьезьдзе была непрыемная, але ў каго не бывае сваіх недахопаў?”

(Спадар: ) “Не, я яшчэ ня вызначыўся. Думаем”.

(Сталы спадар: ) “Я за адзінага кандыдата — за Мілінкевіча. Патрэбны больш пісьменны прэзыдэнт. Надакучылі лекцыі па тэлевізары: адзін чалавек гаворыць, міністры галовы апусьцілі. Тут я чуў, што сына свайго Лукашэнка ўжо рыхтуе, тады гэтае прозьвішча будзе ўжо бясконца. Таму будзем галасаваць толькі за Міілінкевіча. А пройдзе ён ці не, гэта ўжо іншая справа”.

(Спадар: ) “Шчыра кажучы, я пакуль ня вырашыў, або за Мілінкевіча, або за Лукашэнку, як гэта ні парадаксальна. Іншых ня бачу”.

(Малады спадар: ) “Ня буду распаўсюджвацца наконт такіх рэчаў, гэта досыць сур’ёзна. Але я, дапусьцім, буду за Мілінкевіча галасаваць”.

(Спадар: ) “Мы яшчэ падумаем з жонкай, яшчэ ня вызначыліся, час ёсьць, але зьмяняць штосьці трэба”.
XS
SM
MD
LG