Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі камэнтуюць заяву Дзярждэпартамэнту ЗША?


Радыё Свабода У гэтым дакумэнце сьцьвярджаецца, што “Стан з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі кепскім і пагоршыўся ў шэрагу галінаў. Улады працягваюць дапускаць шматлікія сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека”. Як на гэты дакумэнт адрэагавалі ў Беларусі?

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў сёньня сказаў, што ў МЗС пакуль вывучаюць заяву Дзярждэпартамэнту:

(Папоў: ) “Папярэдне магу сказаць: я ўпэўнены — нічога новага для сябе мы там ня знойдзем. Нашыя папярэднія ацэнкі сьведчаць, што гэта звычайны набор вядомых клішэ, гэта вельмі сэлектыўны падыход да палажэньня з правамі чалавека ў розных краінах сьвету, а таксама вялікая колькасьць пасылаў, якія грунтуюцца на падвойных стандартах”.

У разьдзеле справаздачы Дзярждэпартамэнту, які тычыцца свабоды слова, расказваецца пра лёс незалежных выданьняў, якія зьведалі рэпрэсіі, — газэтаў “День”, “Мясцовы час”, “Витебский курьер”, “Курьер из Борисова” і шмат іншых. Віктар Ярашук, галоўны рэдактар пінскай газэты “Мясцовы час”, пра тое, што ягонае выданьне фігуруе ў такім дакумэнце, даведаўся праз Радыё Свабода:

(Ярашук: ) “Гэта не радуе. Лепш было б не трапляць у гэты сьпіс, а нармальна працаваць. Ня думаю, што ад гэтага нешта зьменіцца ў нашай газэце. З кожным днём робіцца ўсё горш і горш. Можна казаць, што ў Пінску фактычна забаронены продаж нашай газэты. Людзі тэлефануюць, што ня могуць яе набыць. А што тычыцца заявы Дзярждэпартамэнту, дык гэта ўсё ж пэўная маральная падтрымка. Прыемна, што нашую працу заўважаюць. І ня толькі ў Пінску”.

У справаздачы таксама падрабязна апавядаецца пра лёс людзей, якіх Дзярждэпартамэнт ЗША лічыць палітычнымі вязьнямі: Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, Андрэя Клімава, Валера Леванеўскага, Міхаіла Марыніча. Спадар Клімаў так адрэагаваў на гэта:

(Клімаў: ) “Канечне, калі адчуваеш падтрымку такой магутнай дзяржавы, як ЗША, дык на душы робіцца лягчэй і сябе адчуваеш больш упэўнена. Я асабіста лічу ЗША краінай, якая ня толькі сваім уласным прыкладам паказвае, як патрэбна прыстойна будаваць дачыненьні паміж дзейнай уладай і яе палітычнымі апанэнтамі, але і хоча, каб цывілізаваныя дачыненьні былі паўсюдна. І новая справаздача толькі пацьвярджае гэта. ЗША паказваюць маларазьвітым у палітычным сэнсе рэжымам — прынамсі, нашаму, беларускаму, у мякай форме іхныя памылкі, які яны робяць ва ўнутраным палітычным жыцьці”.

Гл. таксама • Справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША: улады Беларусі груба парушаюць правы чалавека
XS
SM
MD
LG