Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч праводзіць нарады, Лукашэнка выконвае абавязкі кіраўніка краіны


Радыё Свабода Як ідзе агітацыйная прэзыдэнцкая кампанія? Чым сёньня займаліся кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Казулін і Аляксандар Лукашэнка?

У першай палове дня Сяргей Гайдукевіч праводзіў нараду ў сваім штабе. Ягоныя актывісты заняты распаўсюдам і аховай агітацыйнай прадукцыі.

(Гайдукевіч: ) “Дзе ёсьць вялікія супэрмаркеты, там людзі стаяць і ахоўваюць стэнды. Каля “Гіпа” сарвалі, я зараз туды накірую трох чалавек — і няхай толькі хто паспрабуе пальцам зачапіць! Зараз я туды людзей адпраўляю. Вось група цяпер выходзіць на Якуба Коласа і Камароўку. Клеюць усё, што можна. Але асноўная задача — у рукі людзям даваць. Матэрыялаў не хапае”.

Паводле спадара Гайдукевіча, толькі ў Менску працуе каля тысячы ягоных актывістаў.

(Гайдукевіч: ) “Я асабіста хутка буду на плошчы ў горадзе Віцебску. І ў Бабруйску. Буду гуляць зь вялікай колькасьцю людзей”.

Аляксандар Казулін сёньня правядзе сустрэчу з Радай беларускай інтэлігенцыі.

Заўтра спадар Казулін пачынае сэрыю паездак па Беларусі. Ён будзе ў Баранавічах, Воршы, Віцебску і Маладэчна. А сёньня на паседжаньні штабу спадар Казулін падвёў вынікі свайго візыту ва Ўкраіну і Нямеччыну. У Кіеве ён правёў прэс-канфэрэнцыю ў штаб-кватэры “Поры” і сустрэўся з шэрагам дарадцаў прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі.

(Казулін: ) “Абмяркоўвалі спэктар разьвіцьця падзеяў. Зусім верагодна, што ў нас адбудзецца сустрэча зь Юшчанкам, і зусім верагодна, што яна будзе сумесная зь Мілінкевічам. Ва ўсякім разе, такія прапановы дарадцы Юшчанкі яму будуць даваць”.

У Бэрліне Аляксандар Казулін сустрэўся зь дзяржміністрам замежных справаў Нямеччыны і яшчэ шэрагам чыноўнікаў, а таксама дзелавымі коламі. Паводле спадара Казуліна, у васьмі нямецкіх землях рэктары ўнівэрсытэтаў накіравалі заявы свайму ўраду адносна падзеяў у Беларусі і зьбіцьця кандыдата ў прэзыдэнты.

(Казулін: ) “Я думаю, уладзе пара ўжо зрабіць выснову, што сьвет сёньня сапраўды кансалідуецца супраць апошняга дыктатара Эўропы. І Лукашэнка павінен разумець, што час жартаў для яго закончыўся. І час размоваў, і дэклярацыяў скончыўся. Будуць прымацца абсалютна адэкватныя і канкрэтныя меры супраць яго бяздумных дзеяньняў”.

Аляксандар Лукашэнка працягваў выконваць абавязкі кіраўніка краіны. Прэсавы сакратар Дзьмітры Косьцін распавёў, што сёньня давераныя асобы актыўна сустракаюцца з выбарцамі.

(Косьцін: ) “Віктар Шэйман правядзе сустрэчы з даверанымі асобамі. Каардынаваць будзе. Дакладна ведаю, што на гэтай сустрэчы ў гадзіну дня ня будзе Мікалая Чаргінца і Ўладзімера Гасьцюхіна. Яны ў гэты час праводзяць сустрэчы ў вытворчых калектывах. І далей увечары пройдуць сустрэчы”.

Аднак сустрэча Мікалая Чаргінца, плянаваная ў “Беларусбанку”, сарвалася, і яе перанесьлі на няпэўны тэрмін. Уладзімер Гасьцюхін плянаваў сустрэчу ў менскім Інстытуце інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG