Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа рыхтуе новы сьпіс беларускіх неўязных чыноўнікаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Эўрапейскім парлямэнце рыхтуецца новы сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены уезд на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу.

Новы сьпіс рыхтуюць сябры Эўрапейскай народнай партыі, якая мае найвялікшую фракцыю ў Эўрапарлямэнце. Палітыкі прапаноўваюць пашырыць колькасьць беларускіх чыноўнікаў, міліцыянтаў, супрацоўнікаў КДБ, дзяржаўных мэдыяў, якім быў бы забаронены ўезд на тэрыторыю 25 краінаў Эўрапейскага зьвязу на 40 прозьвішчаў – з 7 да 47.

Сярод іх намесьнік міністра інфармацыі Лідзія Ананіч, адказная за перасьлед незалежных газэтаў, былы генэральны пракурор Алег Бажэлка, адзін з кіраўнікоў беларускага КДБ Леанід Абрамюк, ды іншыя.

Дэпутаты ад Эўрапейскай народнай партыі кажуць, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія ўжо цяпер, на іхную думку, нельга назваць дэмакратычнымі, сьпіс, падрыхтаваны ў супрацоўніцтве зь беларускімі недзяржаўнымі арганізацыямі, амаль напэўна будзе пашыраны.

Тое, што гэты сьпіс будзе прыняты эўрапейскім парлямэнтам і стане афіцыйнай прапановай для Эўрапейскай камісіі ніхто не сумняецца – Эўрапейская народная партыя – найвялікшая ў парлямэнце, але гэтую ініцыятыву падтрымліваюць і іншыя фракцыі, кіраўніцтва Эўрапарлямэнту, напрыклад віцэ-сьпікер Януш Анышкевіч.

Супрацоўнік офісу віцэ-сьпікера Янка Чурыловіч меў магчымасьць пазнаёміцца з гэтым сьпісам, хаця цалкам ягоны зьмест пакуль не распаўсюджваецца.

(Чурыловіч: ) “Сьпіс утрымлівае прозьвішчы самых розных чыноўнікаў – супрацоўнікаў ЦВК, адміністрацыі прэзыдэнта, міністэрстваў, шмат людзей зь сілавога блёку – міліцыі, КДБ... Частка сьпісу, якая датычыць міліцыянтаў, ахоплівае ня толькі Менск, але і абласныя і раённыя гарады – людзі пабачаць там шмат знаёмых прозьвішчаў. Думаю, што ён можа павялічыцца пасьля выбараў”.
XS
SM
MD
LG