Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч: “Рэпрэсіі ня спыняць нашай кампаніі”


Радыё Свабода Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня правёў пазачарговую прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную затрыманьням і арыштам прадстаўнікоў ягонага перадвыбарчага штабу. Прэсавая канфэрэнцыя прайшла на прыступках суду Маскоўскага раёну Менску, які разглядаў справы затрыманых 8 сакавіка.

Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што агулам ад рэпрэсіяў уладаў пацярпела каля 250 актывістаў ягонай каманды, і калі раней затрымлівалі валянтэраў, то цяпер рэпрэсіі перайшлі да лідэраў кампаніі: кіраўніка Магілёўскага абласнога выбарчага штабу Ўладзімера Шанцава, намесьнікаў цэнтральнага штабу Вінцука Вячоркі, Віктара Карняенкі. Спадар Мілінкевіч тлумачыць узмацненьне рэпрэсіяў страхам улады перад разгортваньнем кампаніі апазыцыйнага кандыдата.

(Мілінкевіч: ) “Улада сапраўды вельмі баіцца, посьпех кампаніі відавочны, усё больш людзей пазбаўляецца страху, усё больш людзей не жадае жыць у прыніжэньні. І гэта відаць па тых шматлюдных сустрэчах, якія мы праводзім. Усе дзеяньні ўладаў сьведчаць аб гістэрыі, аб тым, што яны не кіруюць сваімі нэрвамі, і аб тым, што ўлада нават не спрабуе зрабіць ілюзіі сумленных выбараў”.

Аляксандар Мілінкевіч не пагаджаецца з трактоўкай уладамі перадвыбарчых сходаў як несанкцыянаваных мітынгаў.

(Мілінкевіч: ) “Мы катэгарычна адкідаем гэтае абвінавачаньне, мы лічым, што дзейнічаем у строгай адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам, у якім сказана, што кандыдата на прэзыдэнта можа праводзіць свае сустрэчы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, што мы і робім, мы проста паведамляем уладам, што ў тым ці іншым месцы гэта хочам арганізаваць”.

Аляксандар Мілінкевіч не выключае новых рэпрэсіяў, арыштаў лідэраў і правакацыяў, але кажа, што гэта ня спыніць кампанію, не прымусіць яго адмовіцца ад барацьбы:

(Мілінкевіч: ) “Мы ня пойдзем назад, гэта вельмі важна для захаваньня духу нашых актывістаў і людзей, якія ў нас паверылі”.

Спадар Мілінкевіч кажа, што за ім асабіста стала сочаць, праслухоўваюць ягоныя тэлефонныя размовы, размовы ягоных паплечнікаў, але яўных пагрозаў на ягоны адрас пакуль не было, але ён не выключае, што могуць арыштаваць і яго асабіста.

(Мілінкевіч: ) “Кампанія і так абсалютна цынічная, кампанія незаконная, нелегітымная, ніхто не прызнае ў цывілізаваных краінах такіх выбараў, але нам вельмі важна дайсьці да канца, вельмі важна выйсьці 19-га на вуліцу, а ўсім, хто нас падтрымлівае: вы бачыце, выбары абсалютна незаконныя”.

Сёньня Аляксандар Мілінкевіч пачынае сваю перадвыбарчую паездку па Берасьцейшчыне. Сёньня ён будзе ў Бярозе, пазьней у Белаазёрску, Кобрыні, Пінску і Берасьці.

• Вінцук Вячорка і іншыя актывісты штабу Мілінкевіча асуджаныя на 15 сутак арышту (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG