Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як найбольш рэальна вырашыць кватэрнае пытаньне?


Радыё Свабода Праблема забесьпячэньня беларусаў жытлом стала адной з дамінантаў у перадвыбарчай праграме кожнага кандыдата на прэзыдэнта. Які спосаб разьвязаньня кватэрнага пытаньня больш рэальны: танныя крэдыты, альбо бясплатнае жытло для вялікіх сем’яў?

Кандыдат Сяргей Гайдукевіч кажа пра тое, што крэдыты на будаўніцтва кватэраў павінны стаць даступнымі для ўсіх. А каб кошты на жытло не падвышаліся гэтак шпарка, спадар Гайдукевіч прапануе “забясьпечыць канкурэнтныя ўмовы для жыльлёвага будаўніцтва”.

З пункту гледжаньня эканомікі гэтая прапанова разумная, лічыць эканаміст Аляксандар Чубрык: у апошнія гады шмат гаворыцца пра жорсткі кантроль дзяржавы за будаўнічымі фірмамі, пра немагчымасьць лёгка атрымаць пляцоўку пад узьвядзеньне новага дому. Што да “дарагіх” крэдытаў, то яны могуць патаньнець, калі ў Беларусь прыйдзе замежны банкаўскі капітал. Зрэшты, беларускі электарат такія прапановы не ацэніць, мяркуе экспэрт.

(Чубрык: ) “Калі казаць, напрыклад, прафэсіяналам, якія, магчыма, рабілі б гэтыя ўсе рэчы, то яны павінны разумець, яны павінны ведаць, як гэтага дасягнуць можна. А простаму чалавеку… Ну ты яму скажаш: мы зробім так, каб ты мог узяць крэдыт пад 3 працэнты, калі прадамо, напрыклад, беларускі банк амэрыканцам. Ну хто ж за такім кандыдатам пойдзе?”

Кандыдат Аляксандар Казулін у сваёй праграме таксама кажа пра высокія стаўкі па крэдытах на будаўніцтва жытла. Такім чынам, у цяперашняй сытуацыі дэмаграфічную праблему вырашыць не атрымаецца, калі нічога не зьмяніць, кажа чалец выбарчага штабу кандыдата Ўладзімер Нісьцюк.

(Нісьцюк: ) “Пакуль адзінае, у чым вырашаецца дэмаграфічная праблема – сябрам БРСМ даюць льготныя крэдыты пад 3-5 адсоткаў на будаўніцтва жытла. Гэта ўсё, што ёсьць цяпер”.

У праграме Аляксандра Казуліна ёсьць прапановы наконт пашырэньня сыстэмы іпатэчнага крэдытаваньня (калі пад заклад бярэцца маёмасьць) і наконт кампэнсацыі росту тарыфаў на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Кандыдат Аляксандар Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе паабяцаў бясплатныя кватэры сем’ям, дзе нарадзілася болей за трох дзяцей. Эканаміст Валеры Дашкевіч лічыць, што нават у цяперашняй сытуацыі гэта рэальна.

(Дашкевіч: ) “У любой цывілізаванай краіне ёсьць гэтак званае муніцыпальнае жытло. Калі ў нас нейкі адсотак жытла, нават з таго што ёсьць, будзе пераведзены ў муніцыпальную ўласнасьць, даваць жытло такім сем’ям у такіх дамох было б цалкам нармальна. Ня так ужо й шмат у нас сем’яў, якія маюць трох і болей дзяцей”.

Абяцаньні іншага кандыдата, Аляксандра Мілінкевіча – даваць вялікія беспрацэнтныя крэдыты на 25 год сем’ям, дзе нарадзілася другое дзіця, – эканаміст лічыць папулізмам. Аднак намесьнік старшыні выбарчага штабу кандыдата Аляксандар Дабравольскі заяўляе, што гэтая схема можа працаваць – калі зрабіць Беларусь адкрытай для замежнага банкаўскага капіталу.

(Дабравольскі: ) “Банкаўскі капітал ідзе ў тыя краіны, дзе нармальная прававая сыстэма й прадказальная ўлада. Новая ўлада будзе прадказальнай. Зь іншага боку, гэта ня значыць, што гэта будзе крэдыт на нейкую вялізную суму. Гэта будзе крэдыт, на які можна будзе пабудаваць невялікую кватэру”.
XS
SM
MD
LG