Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як менчукі ўспрымаюць палітычныя графіці?


Радыё Свабода Надпісамі “Сыходзь!”, “Хопіць!”ды іншымі лёзунгамі шмат дзе ў Беларусі моладзь выказвае сваё стаўленьне да цяперашняга кіраўніцтва краіны. А які вынік дае іх актыўнасьць? Наш карэспандэнт распытваў менчукоў пра стаўленьне да палітычных графіці.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да таго, што цяпер зьяўляюцца надпісы на мурах, платах, расьцяжкі на мастах. Што людзі пішуць “Дастаў!”, “Хопіць!”, выказваюць свае палітычныя погляды?”

(Мужчына : ) “Я адназначна супраць. Лічу, што гэта звычайнае хуліганства. Гэта непрыгожа, яны ня лічацца з працай іншых людзей”.

(Малады чалавек: ) “Калі казаць чэсна: хочуць і пішуць. Мне ўсё аднолькава”.

(Дзяўчына: ) “Што да надпісаў, то адмоўна, але што да выказваньня сваіх думак, мяркую, гэтага права ў нас не адбіралі”.

(Мужчына сярэдняга веку: ) “Пратэст – гэта норма дэмакратыі. Калі чалавек мае што сказаць, то мусіць сказаць”.

(Студэнт: ) “Сапраўды, дастала гэта. Але... канкурэнтаў у яго няма”.

(Студэнт: ) “ У нас няма ніякай дэмакратыі, ён проста хоча застацца пры ўладзе. А трэба даць іншым паспрабаваць, можа нешта палепшыцца”.

(Хлопец: ) “Вельмі дрэнна стаўлюся да гэтых надпісаў, бо атрымліваецца, яны супраць Лукашэнкі, а я за яго. Ён у нас ужо 10 гадоў, мы яго ўжо ведаем, а хто будзе іншы, тых ня ведаем”.

(Малады мужчына: ) “Усё ж гэта адлюстроўвае працэсы у грамадзтве. Нехта гэтак спрабуе абудзіць іншых”.

(Карэспандэнт: ) “А іншае пытаньне: актывісты маладзёвых арганізацыяў прапанавалі джынс у якасьці сымбаля дэмакратычнага руху. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Малады мужчына: ) “Так, я ведаю гэтую гісторыю. Адабралі бел-чырвона-белы сьцяг і тады хлопец зьняў джынсавую куртку ды пачаў ёй махаць замест сьцяга. Безумоўна, гэта такое сытуацыйнае здарэньне. Мне асабіста больш падабаецца наш гістарычны сьцяг, які быў спакон вякоў. Але калі гэта аб’яднае людзей, то чаму не падабаецца?”

(Мужчына: ) “Ня ведаю. Здаецца, які колер – ня самае галоўнае для аб’яднаньня людзей супроць кагосьці”.

(Хлопец: ) “Кажуць, была нейкая дэманстрацыя, і нехта падняў джынсавую куртку ды пачаў ёй махаць, як сымбалем. Але мне больш падабаецца савецкая сымболіка”.

Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтае апытаньне палітоляга Ўладзімера Падгола, які адмыслова дасьледаваў “графіці” як элемэнт паліттэхналёгіяў. Паводле Ўладзімера Падгола, людзі да гэтага сродку агітацыі выстаўляюць вялікія патрабаваньні, задаволіць якія дастаткова складана.

(Падгол: ) “У гэтай галіне існуе цэлая мэтодыка. Першае, не пісаць на прыгожых сьценах – гэта табу. Бо проста тады ў людзей адмоўнае стаўленьне – сапсаваная сьцяна. Другое, пісаць прыгожа, а дзеля гэтага трэніравацца. Трэцяе, выкарыстоўваць пад графіці часовыя плошчы, прыкладам, платы вакол новабудоўляў, пра якія людзі ведаюць, што іх хутка ня будзе. А пакуль усё, што я бачу ў Менску – гэта пародыя на графіці, выкліканьне адмоўнага стаўленьня да сэнсу напісанага і тых, хто прэзэнтуе гэтую ідэю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG