Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску будуць судзіць актывістаў выбарчай кампаніі


Любоў Лунёва, Менск Cёньня ў менскіх раённых судах будуць судзіць затрыманых актывістаў штабу кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Іх затрымалі пасьля ўчорашіх сустрэчаў кандыдата з выбаршчыкамі. Усяго каля дзесятка чалавек. Сярод затрыманых давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча і лідэр БНФ Вінцук Вячорка.

У Цэнтральным судзе пачнецца разгляд крымінальнай справы супраць актывістаў незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра. Іх затрымалі за палітычныя графіці, але абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам у часе затрыманьня.

У суд Маскоўскага раёну прывязуць затрыманых актывістаў штабу Аляксандра Мілінкевіча, сярод якіх лідэр БНФ Вінцук Вячорка. Іх затрымалі ўчора пасьля заканчэньня сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі каля кінатэатру “Бярэсьце”. Міліцыянты спынілі мініаўтобус, у якім сябры штабу перавозілі гукаўзмацняльную апаратуру. Увечары патэлефанавалі маці Вінцука Вячоркі і паведамілі, што да суду будуць трымаць яго ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

А ў Партызанскім судзе будуць судзіць тых, каго затрымалі пасьля сустрэчы кандыдата ў прэзыдэнты, якая адбылася ля палацу трактарнага заводу. Пад час прамовы Аляксандра Мілінкевіча міліцыянты ў мэгафон паведамлялі, каб людзі разыходзіліся, матывуючы гэта тым, што мерапрыемства несанкцыянаванае ўладамі. У часе сустрэчы байцы спэцназу міліцыі затрымалі школьніка, які раздаваў сьцяжкі Эўразьвязу.

Калі Аляксандр Мілінкевіч зайшоў за будынак палацу, дзе стаялі міліцэйскія аўтамабілі, каб высьветліць лёс хлопчыка, на ганку палаца міліцыянты затрымалі некалькіх актывістаў штабу. Сярод іх давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандр Зялко. Яго разам з Аляксандрам Ляпцэвічам, Арцёмам Ліцьвінкам і Зьмітром Кудраўцавым таксама адвезьлі ў спэцпрыёмнік.

Давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча Віктар Івашкевіч лічыць, што масавыя затрыманьні актывістаў штабу ёсьць рэакцыяй уладаў на пасьпяховую выбарчую кампанію кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі.

(Івашкевіч:) “Задача ў тым, каб нас запалохаць, каб мы спынілі сустрэчы зь людзьмі. Бо, хутчэй за ўсё, гэта найбольш эфэктыўная праца. Напэўна, у Лукашэнкі ёсьць дакладныя сацыялягічныя зьвесткі, якія вельмі разыходзяцца з тымі, якія абвяшчаюцца па беларускім тэлебачаньні.”

А 14 гадзіне ў судзе Цэнтральнага раёну пачнецца суд над актывістамі незарэгістраванага моладзевага руху “Зубар” Аляксандрам Казаковым і Зьмітром Зубрам. Іх затрымалі 28 сьнежня пасьля таго, як хлопцы нанесьлі надпісы палітычнага зьместу на будынку Цэнтральнага суду. Але абвінавацілі іх у супраціве міліцыянтам у часе затрыманьня. Гаворыць Аляксандр Казакоў:

(Казакоў:) “Мы не выключаем, што нас могуць пазбавіць волі. Думаю, што нас могуць выключыць з выбарчай кампаніі, каб мы не маглі дзейнічаць. Мая ўпэўненасьць грунтуецца на тым, што цяпер адбываюцца шматлікія затрыманьня, ператрусы, арышты…”

Хлопцы жывуць у Барысаве. Іх адпусьцілі да суду пад падпіску пра нявыезд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG