Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсмэн Сміт: “Беларусь – анамалія ў дэмакратычнай Эўропе”


Ірына Віданава, Вашынгтон 8 сакавіка, ніжняя палата Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю ў падтрымку намаганьняў народа Беларусі па аднаўленьні дэмакратыі, законнасьці і павагі да правоў чалавека. Рэзалюцыя, якую падтрымаў 491сябар Кангрэсу, заклікае ўрад Рэспублікі Беларусь да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў 19 сакавіка 2006 г.

Рэзалюцыя была падрыхтаваная і прапанаваная да разгляду ў Кангрэсе кангрэсмэнамі Джонам Шымкусам і Элтанам Гэлэглі.

Кангрэсмэн Сміт у сваім звароце да Кангрэсу адзначыў, што Беларусь, якая мяжуе з Эўразьвязам, зьяўляецца анамаліяй у дэмакратычнай Эўропе. Ён зьвярнуў увагу на тое, што Аляксандар Лукашэнка разгарнуў інтэнсіўную кампанію па застрашэньні грамадзян Беларусі праз прапаганду супраць дэмакратычнай апазыцыі, Эўропы і Злучаных Штатаў. Кангрэсмэн Сміт заявіў, што народ Беларусі заслугоўвае свабоду і права заняць месца ў вольнай, квітнеючай і дэмакратычнай Эўропе.

Кангрэсмэн Шымкус, які падчас свайго выступу трымаў у руцэ кавалачак джынсавай тканіны як сымбаль зьменаў, зазначыў, што рэзалюцыя заклікае да правядзеньня абсалютна празрыстых выбараў, адкрытых для назіральнікаў і паўнавартаснага ўдзелу палітычных партый.

Кангрэсмэн Том Лантас падкрэсьліў, што ў Беларусі фактычна не існуе свабоды слова, незалежныя сродкі масавай інфармацыі перасьледуюцца, а дэмакратычныя кандыдаты ня маюць доступу да тэлебачаньня і радыё, якія цалкам кантралююцца дзяржавай. Ён заявіў, што дадзеная рэзалюцыя выражае падтрымку народу Беларусі.

У чацьвер, 9 сакавіка, у Хэльсынскім Камітэце Кангрэсу ЗША пройдуць грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG