Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму Лукашэнка баіцца ісьці на дэбаты зь Мілінкевічам?”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 8 сакавіка Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Ігар Аляксеевіч Партноў, Віцебск: ) “Я просты доктар, не зьвязаны з палітыкай, галасаваць буду толькі за Лукашэнку! Таму што ніводны прэзыдэнт не зрабіў столькі для народу і яго здароўя, колькі зрабіў гэты прэзыдэнт! А вось Казуліна мы баімся! Ён паводзіць сябе, як хуліган. І нават маці мая пэнсіянэрка кажа: “Што ты робіш? Цябе ж зьнішчаць!” Таму што ён паводзіць сябе несалідна. Больш саліднасьці павінна быць у дэмакратычных сілаў. А так яны проста ганьбяць дэмакратычны рух сваімі паводзінамі, таму што насільлем ніколі нельга пабароць ніякае насільле. Проста ганьба, што яны робяць! Іх людзі баяцца! А вось за Лукашэнку і так усе прагаласуюць, яму ня трэба нешта фальсыфікаваць! Гэта ўсё хлусьня, што кажа ваша прапаганда! Простыя людзі бачаць, што й так за яго будуць галасаваць, бо ён за здароўе, за нацыю, за простых людзей! Я ўпэўнены, вядома, што вы гэтага ня скажаце, бо вам грошы плацяць за другое. Але ўсё ж такі спадзяюся, што й сярод вас ёсьць прыстойныя людзі”.

(Спадар: ) “Я зьвяртаюся да Мікалая Лазавіка. Паважаны Мікалай Лазавік! Калі ласка, раскажы радыёслухачам і іншым людзям Беларусі, чаму Лукашэнка баіцца ісьці на дэбаты зь Мілінкевічам. Якая прычына?”

(Ільля Копыл: ) “Хацеў бы выказацца наконт так званага выніковага пратаколу па выбарах прэзыдэнта Беларусі, быццам бы падрыхтаванага загадзя апазыцыяй, які ўсяму сьвету прадэманстраваў старшыня КДБ Сухарэнка.

Сам па сабе гэты пратакол – фальшыўка КДБ, а вось лічбы, пастаўленыя ў пратаколе, хутчэй за ўсё адпавядаюць прагнозам. На маю думку, усё гэта адбывалася прыкладна такім чынам. Лукашэнка даў даручэньне дзяржаўнай службе сацыялягічных дасьледаваньняў даць рэальную карціну, як прагаласуюць грамадзяне РБ 19 сакавіка. Вынік атрымаўся сьмяротны для Лукашэнкі. Вось і спатрэбіўся пратакол Лукашэнкі-Сухарэнкі, каб не дапусьціць перамогі Мілінкевіча, увесьці ў зман сусьветнае грамадзтва, каб папярэдзіць загадзя апазыцыю, што 19 сакавіка ўладай будзе ўжытая сіла, калі народ выйдзе на вуліцу абараняць вынікі галасаваньня”.

(Віктар, Валожынскі раён:) “Нейкі спадар тэлефанаваў вам – казаў аб тым, у што абходзіцца так званы сход, што адбыўся 2 – 3 сакавіка, на які былі запрошаныя дзьве з паловай тысячы чалавек. Іх трэба было разьмясьціць у гатэлях, трэба было карміць і потым адарыць каштоўнымі падарункамі. За якія грошы? У мяне тры сыны, малодшы зь якіх яшчэ вучыцца ў ВНУ. Ён папрасіў у мяне трохі грошай. Але мне далі толькі “адчэпныя” на хлеб. Тэлефаную сярэдняму сыну, які працуе ў Гарадзенскай вобласьці і мае прыстойны аклад, да таго ж таксама завочнік ВНУ. Кажу: “Саша, дапамажы брату. Я табе адразу аддам, як толькі атрымаю свае”. Ён кажа: “Бацька, нам усяго далі па 30 тысяч. Няма грошай”. Думаю, вы зразумелі, як транжырацца грошы тых людзей, якія працуюць. А можа, мы ня людзі ў сваёй краіне?”

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Дазвольце мне павіншаваць усіх жанчын, якія працуюць на “Свабодзе”, з 8-м Сакавіка, жаночым сьвятам!”

(Спадар: ) “Хай ведае спадарыня Ярмошына і яе набліжаныя, што за тую дэмакратыю, якую ўкараніў у нас Лукашэнка на ўзор саўгасу “Гарадзец”, ён ня мае маральнага права далей балятавацца на пасаду прэзыдэнта”.

(Іван Аляксеевіч, Сьветлагорск: ) “У мяне склалася ўражаньне, што Гайдукевіч проста прагульвае грошы, вылучаныя на правядзеньне выбарчай кампаніі. Невядома, чаго ён хоча, хто ён такі, за каго ён. Ён хоча быць прэзыдэнтам, ці марыянэткай, ці проста артыстам? Чакаю вашага адказу”.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадыні і гаспадары Радыё Свабода! Наконт дыскусіі, падтрымае Пуцін Лукашэнку ці не. Пытаньня няма. Вядома, яны яго рукамі і нагамі падтрымаюць. Разьлічваць на іх – гэта вялікая памылка. Выйсьце з дадзенай сытуацыі – гэта калі Эўропа і Амэрыка ўвядуць эканамічныя санкцыі, то бок перастануць купляць нашыя танныя тавары. Але, я думаю, што хутка энэрганосьбіты мы вымушаны будзем купляць па міжнародных цэнах. Прадпрыемствы тады апынуцца ля разьбітага карыта... Ён вымушаны будзе распрадаваць Беларусь, каб захаваць сабе пасаду. Для гэтага трэба за мяжой стварыць міжнародны суд, усе яго дзеяньні прызнаць незаконнымі пасьля фальсыфікацыі выбараў. Сьвет і Расея павінны будуць ведаць, што яго дзеяньні незаконныя і будуць падлягаць адмене”.

(Спадар: ) “Скажыце, калі ласка, па-першае, як праходзіў усеагульны сход беларускі, то чаму былі толькі два тэлефоны гарачай лініі, чаму так мала? Я ня мог туды дазваніцца! І другое пытаньне, якое мяне цікавіць. Як вы думаеце, ці адгукнецца Лукашэнка на заклік Мілінкевіча правесьці тэледэбаты?”
XS
SM
MD
LG