Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць кандыдаты сустракацца з выбарцамі без дазволу ўладаў?


Валер Каліноўскі, Менск Учорашнія падзеі ў Магілёве і сёньняшнія ў Менску, калі міліцыя і суд трактавалі агітацыйныя сходы грамадзянаў з удзелам кандыдата на прэзыдэнта і ягоных давераных асобаў як несанкцыянаваныя мітынгі, за што былі арыштаваныя каля дзясятка чалавек, а Анатоль Лябедзька і Ўладзімер Шанцаў ужо асуджаныя Ленінскім раённым судом Магілёва, паставілі пытаньне: ці могуць кандыдаты легальна сустракацца з выбарцамі ў людных месцах? Як адказваюць на яго прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў, юрысты, распрацоўнікі выбарчага заканадаўства, паведамляе наш карэспандэнт.

Ацэньваючы сёньняшнія падзеі, намесьнік кіраўніка выбарчага штабу Мілінкевіча Аляксандар Дабравольскі зазначыў, што Выбарчы кодэкс дазваляе сустрэчы на вуліцы, і, разганяючы іх, міліцыя сама груба парушае закон:

(Дабравольскі: ) “Якраз гэтыя захопы людзей, калі па некалькі гадзін невядома, дзе яны, хто іх забраў, за што і навошта, – вось гэта якраз абсалютнае бяспраўе. Я ўпэўнены, што ўсе людзі, якія гэтым займаюцца, больш падобныя да бандытаў, чым да тых, хто служыць дзяржаве”.

У штабе Аляксандра Мілінкевіча зазначаюць, што кіруюцца 74 артыкулам Выбарчага кодэксу, які дазваляе сустрэчы з выбарцамі ў зручных для іх месцах. А паколькі гарадзкія ўлады Менску пераважна адмаўляюць у выдзяленьні кандыдатам заляў, то нічога не застаецца, як зьбірацца на дварэ, зазначыў давераная асоба Мілінкевіча Аляксей Кавалец. Ісьці ў засьнежаныя паркі, якія выдзеленыя для агітацыі, няма сэнсу, лічыць ён.

Адзін з распрацоўнікаў Выбарчага кодэксу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі кажа, што гэты закон трактуе Цэнтравыбаркам, які і растлумачыў, што менавіта мясцовыя ўлады павінны вызначаць месца і час правядзеньня такіх сустрэч.

(Красуцкі: ) “Яны і вызначаюць пляцоўкі, дзе можна правесьці такія сустрэчы. Што да публічных сустрэч на дварэ, то ў гэтай сытуацыі дзейнічае закон аб правядзеньні мітынгаў і сходаў”.

Калега спадара Красуцкага дэпутат Вольга Абрамава лічыць, што абмежаваньні на сустрэчы кандыдатаў – незаконныя:

(Абрамава: ) “Я лічу, што гэта дазволена, і гэта ў законе дастаткова дакладна прапісана. У пэрыяд выбарчай кампаніі, і гэта зусім нармальна, усе мерапрыемствы ад імя кандыдата, калі яны не заклікаюць да грамадзянскага процістаяньня, носяць законны характар”.

Вядомы юрыст Міхаіл Пастухоў таксама перакананы, што, паводле закону, не павінна быць абмежаваньняў на сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі:

(Пастухоў: ) “Я лічу, што базавым ўсё-такі зьяўляецца артыкул 74 Выбарчага кодэксу “Правы кандыдата на прэзыдэнта”... Для гэта ж і праводзяцца выбары”.

Прадстаўнік выбарчага штабу іншага кандыдата Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк згадвае, што ў 1994 годзе, калі абіраўся Аляксандар Лукашэнка, і ён, і іншыя кандыдаты маглі вольна сустракацца з выбарцамі, ніхто не лічыў гэта за парушэньне, не разганяў выбарцаў і не затрымліваў арганізатараў гэтых сустрэч:

(Нісьцюк: ) “Ніхто не перашкаджаў. У 1994 годзе адной з самых галоўных формаў сустрэч з выбарцамі былі мітынгі, шматлюдныя мітынгі. Напрыклад, у Горадні 2 ліпеня 1994 году сабралася каля 8 тысяч чалавек. Але тады не было закону аб мітынгах. Тады ўвогуле абапіраліся на канстытуцыйную норму – права сходаў, дэманстрацыяў”.
XS
SM
MD
LG