Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бундэстаг абмяркуе заўтра рэзалюцыю адносна сытуацыі ў Беларусі


Радыё Свабода Рэзалюцыя адносна сытуацыі ў Беларусі заўтра будзе абмяркоўвацца ў Бундэстагу. Як паведамілі “Свабодзе” ў нямецкім МЗС, Бэрлін ізноў мяркуе нагадаць афіцыйнаму Менску свае патрабаваньні што да дэмакратычных стандартаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Напярэдадні Бэрлін прымаў чарговага кандыдата на пасаду прэзыдэнта ад беларускай апазыцыі – Аляксандра Казуліна. Сустрэча беларускага палітыка і дзяржміністра МЗС Герната Эрлера доўжылася з гадзіну і часам і ўзроўнем прыёму адпавядала папярэдняй сустрэчы паміж кандыдатам ад апазыцыі Мілінкевічам і міністрам замежных справаў Штайнмаерам.

Тэкст афіцыйнага паведамленьня нямецкага МЗС пра сустрэчу дзяржміністра Эрлера з Аляксандрам Казулінам падобны да таго, што быў падрыхтаваны пасьля сустрэчы міністра Штайнмаера з кандыдатам у прэзыдэнты Мілінкевічам. З тэксту вынікае, што Бэрлін заклапочаны “ў сувязі з апошнім разьвіцьцём падзеяў у Беларусі, аднак спадзяецца на тое, што прэзыдэнцкія выбары ў краіне пройдуць ўсё ж свабодна і празрыста”

У размове са “Свабодай” рэфэрэнт Герната Эрлера падкрэсьліў:

(Рэфэрэнт: ) “Нямеччына вельмі заклапочаная падзеямі апошняга тыдня ў Беларусі, калі быў затрыманы кандыдат у прэзыдэнты Казулін. Гэта выклікала вялікі розгалас у нямецкіх палітычных колах. У часе сустрэчы са спадаром Казулінам спадар Эрлер выказаў свае спадзяваньні на тое, што выбары ўсё ж будуць адпавядаць дэмакратычным стандартам. Заўтра ў Бундэстагу пройдуць дэбаты па Беларусі і будзе прынятая выніковая заява, дзе гэтыя патрабаваньні будуць паўтораныя. Гэта будзе наш сыгнал да афіцыйнага Менску. Для нас важна выказаць сваю пазыцыю, якая адпавядае пазыцыі Эўразьвязу”.

Як сказалі “Свабодзе” ў нямецкім МЗС, прыём апазыцыйных беларускіх палітыкаў на такім высокім урадавым узроўні дэманструе вялікую цікавасьць Бэрліна да ходу выбарчай кампаніі ў Беларусі, а таксама прызнаньне Нямеччынай альтэрнатыўных кандыдатаў у беларускія прэзыдэнты.

Тым часам прадстаўнікам гэтак званага беларускага лобі ў нямецкай палітыцы візыт Казуліна ў Нямеччыну падаўся нечаканым. Уражвае тое, што ніводная зь вядомых нямецкіх газэт не надрукавала нават маленькага паведамленьня пра знаходжаньне ў Бэрліне Казуліна – беларускага апазыцыянэра, пра зьбіцьцё якога мінулым тыднем напісалі многія нямецкія выданьні.

Колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік у размове са “Свабодай” выказаў сваё уласнае меркаваньне што да мэтаў візыту Казуліна ў Бэрлін:

(Вік: ) “Безумоўна, можна рабіць выснову, што прыём Мілінкевіча прайшоў на больш высокім узроўні. Я думаю, што гэтая паездка была важная для Казуліна ў сэнсе прызнаньня ягонай партыі нямецкімі палітыкамі, нямецкімі сацыял-дэмакратамі. Як вядома, сацыял-дэмакратыя ў Беларусі раскалолася, і нейкую ролю ў гэтым расколе адыгрываў і Казулін. Ня ўсе нямецкія сацыял-дэмакраты пазытыўна ўспрынялі гэты момант, і таму Казулін неяк хоча ўзьняць імідж партыі”.

Мы таксама патэлефанавалі й да некаторых вядучых нямецкіх сацыял-дэмакратаў, аднак, паводле іхных словаў, ніхто зь іх ня чуў пра візыт Аляксандра Казуліна ў Бэрлін.

Вядома, што сёньня беларускі палітык вяртаецца дадому і ня будзе браць удзелу ў адмысловых дэбатах у пытаньні Беларусі, дзе галоўны даклад аб сытуацыі ў Беларусі зробіць нямецкая сацыял-дэмакратка Ута Цапф.
XS
SM
MD
LG