Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"За Беларусь" – гэта падмена выдатнага, жыцьцёвага лёзунгу


Радыё Свабода Сёньня на пытаньні слухачоў адказваюць паэты Генадзь Бураўкін і Сяргей Законьнікаў.

(Сталы слухач: ) “Паважаная “Свабода”! Прашу вас адказаць на маё пытаньне. Чаму дзейная ўлада так апантана прапагандуе лёзунг “За Беларусь!”, і ў той жа час жорстка карае носьбітаў лёзунгу “Жыве Беларусь!”? На мой погляд, другі лёзунг больш канкрэтны, адрасны і жаданы для дзяржавы. Гэты лёзунг не антыдзяржаўны, а вось улада яго зьневажае. Загадзя дзякую вам за адказ”.

Адказвае паэт Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) “Я таксама дзіўлюся заўсёды, што ўлада, якая за Беларусь, — няўжо яна ня хоча, каб жыла Беларусь? Чаму, чаму ў іх гэты лёзунг выклікае супрацьдзеяньне? Хіба яны не за тое, каб жыла Беларусь? Я ў гэтым выпадку ня бачу ніякай ні лягічнасьці, ні тлумачэньня нянавісьці да гэтага лёзунгу. “За Беларусь!”, “Жыве Беларусь!” — гэта адно, з аднаго шэрагу. Можа, таму што Беларусь ім патрэбна як нейкая тэрытарыяльная адзінка, а каб жыла Беларусь у Беларусі — гэта ім не патрэбна?”

Адказвае паэт Сяргей Законьнікаў:

(Законьнікаў: ) “Сёньняшняя ўлада падмяніла лёзунг “Жыве Беларусь!” вось гэтым “За Беларусь!”. У нашай дзяржаве цяпер такі абсурд! Выходзіць “Народная газета” — у яе лёзунг “Жыве Беларусь!”. А калі моладзь выходзіць на вуліцу і скандуе “Жыве Беларусь!”, то іх забяруць у міліцэйскі пастарунак. “За Беларусь!”, канцэрты гэтыя папсы расейскай і беларускай, якая гайсае цяпер па гарадах і вёсках, агітуючы за “бацьку” — гэта ўсё падмена выдатнага, жыцьцёвага, паўнакроўнага лёзунгу “Жыве Беларусь!”, які некалі сказаў наш прарок і які трэба напаўняць канкрэтным зьместам. Я як чалавек, як грамадзянін, як паэт лічу, што мы ўсе гэтыя гады не жывем, а гуляем у жыцьцё. Трэба так жыць, каб гэты лёзунг “Жыве Беларусь!” быў напоўнены канкрэтным сэнсам”.
XS
SM
MD
LG