Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутата аштрафавалі за каляндарыкі са здымкам Мілінкевіча


Радыё Свабода, Масты Мастоўскі раённы суд аштрафаваў на 290 тысяч рублёў мастоўскага дэпутата Алеся Зарамбюка — удзельніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Міліцыянты не змаглі ўручыць абвінавачанаму позвы, і суд адбыўся без Зарамбюка. Судовае рашэньне ён атрымаў поштай.

У судовым рашэньні гаворыцца, што каляндарыкі са здымкам Аляксандра Мілінкевіча затрымалі яшчэ 12 студзеня, а Мілінкевіч на той час ня быў зарэгістраваны як кандыдат на прэзыдэнта — таму, маўляў, быў парушаны Выбарчы кодэкс. Тлумачэньні супраць Алеся Зарамбюка давала ў судзе кіраўніца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Натальля Дубіцкая.

Судзьдзя А.Бацько расцаніла адсутнасьць Зарамбюка ў судзе як жаданьне абвінавачанага “пазьбегчы адказнасьці за ўчыненае”. Дарэчы, не знайшоўшы Алеся асабіста, міліцыянты прыехалі на працу да ягонай маці Натальлі Зарамбюк і прымусілі яе ў прысутнасьці ейнага начальніка падпісаць позву ў суд за сына. Між іншым, Алесь зьяўляецца дэпутатам раённага савету.

(Зарамбюк: ) “Каб прыцягнуць да адказнасьці ў судзе дэпутата мясцовага савету за правапарушэньне, ўчыненае на тэрыторыі савету, трэба санкцыя пракурора. Наколькі мне вядома, санкцыі не было, гэта раз. А два — незразумела, якім чынам мяне судзілі, не паведаміўшы мне, што будзе суд. Таму што я асабіста ніякіх позваў у суд не атрымліваў”.

Камэнтуе гарадзенскі адвакат Уладзімер Кісялевіч:

(Кісялевіч: ) “Супрацоўнікі міліцыі яго павінны былі прыцягнуць да суду не пазьней як праз два месяцы пасьля складаньня пратаколу. Калі позва ў суд не была своечасова ўручаная і гэты тэрмін прайшоў, суд ня мае права прыцягваць яго да адміністрацыйнай адказнасьці. Таксама Зарамбюк мае рацыю, калі кажа аб тым, што прыцягненьне дэпутата да адміністрацыйнай адказнасьці павінна быць узгоднена з саветам і пракурорам”.

І апошняе: згаданыя каляндарыкі міліцыянты затрымалі ў Яўгена Скрабутана, якога Алесь Зарамбюк сустракаў на чыгуначнай станцыі ў Мастах. Яўгена суд пакараў штрафам, пасьля чаго яго адлічылі з Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Алесь Зарамбюк таксама зазначае, што супраць яго асабіста міліцыянты пратаколу не складалі, а ўзялі ў яго толькі тлумачэньні што да каляндарыкаў Мілінкевіча са словамі “Любіць Беларусь”.
XS
SM
MD
LG