Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сустрэчаў Мілінкевіча ў Менску затрымалі больш за дзясятак чалавек (фотарэпартаж)


Радыё Свабода Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня правёў дзьве сустрэчы з выбарцамі Менску: ля будынку кінатэатру “Берасьце” і ля Палацу культуры трактарнага заводу. Гарадзкія ўлады не далі магчымасьці правесьці гэтыя сустрэчы ў памяшканьні, таму яны адбыліся на вуліцы, на прыступках будынкаў. Пасьля іх затрыманыя больш за дзесяць актывістаў каманды Мілінкевіча, у тым ліку лідэр БНФ Вінцук Вячорка.

Да кінатэатру “Берасьце” на сустрэчу з апазыцыйным кандыдатам прыйшлі паўтары тысячы чалавек. Аднак у залю іх не пусьцілі — улады зрабілі ў гэты час бясплатны кінасэанс для дзяцей. Перамовы з уладамі Менску і гарадзкой камісіяй былі бясплённымі, паведаміў прадстаўнік перадвыбарчага штабу Мілінкевіча Аляксей Кавалец:

(Кавалец: ) “Фармальны адказ ёсьць: дазволіць правядзеньне сходу ў кінатэатры “Электрон”, на дзевяць заяваў”.

Сустрэчу з выбарцамі давялося праводзіць на вуліцы з выкарыстаньнем гукаўзмацняльнай апаратуры. Гаворыць давераная асоба Мілінкевіча Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Я залікаю вас: галасуйце за Аляксандра Мілінкевіча, гэтак вы галасуеце за нашу і вашу свабоду, вы галасуце за нашую будучыню. Хай жыве свабода, хай жыве Аляксандар Мілінкевіч”.

(Людзі: ) “Мілінкевіч! Мілінкевіч!”

Аляксандар Мілінкевіч павіншаваў жанчын са сьвятам, адказаў на пытаньні і заклікаў сваіх прыхільнікаў:

(Мілінкевіч: ) “Але мы выйдзем на плошчу, калі нас чарговы раз захочуць зрабіць быдлам, мы выйдзем і скажам: мы людзі, і мы хочам сумленных справядлівых выбараў!”

Сустрэча ля Палацу культуры трактарнага заводу таксама прайшла на вуліцы, але без гукаўзмацняльнай апаратуры — яе затрымала міліцыя. Адначасова ў пастарунак трапілі лідэр БНФ Вінцук Вячорка і яшчэ чатыры актывісты. Палац культуры МТЗ быў зачынены, у ім знаходзіліся дзясяткі міліцыянтаў, у двары стаялі чатыры аўтобусы з АМОНам і іншая тэхніка. На затрыманьне Вінцука Вячоркі спадар Мілінкевіч адрэагаваў у самым пачатку выступу:

(Мілінкевіч: ) “Нашым людзям закруцілі рукі й цяпер зь імі разбіраюцца. Улада нэрвуецца, яна парушае законы кожны дзень, нашых актывістаў затрымліваюць па ўсіх гарадах… Я сьвята веру, што перамога павінна наступіць 19-га. Яны ў нас могуць яе скрасьці рэпрэсіямі. Яны нас могуць кінуць у турму. Мы выйдзем і будзем змагацца. Мы нікуды ня сыдзем, і вы будзеце з намі побач. Мы даможамся перамогі”.

Там часам пераапранутая міліцыя пачала папярэджваць:

(Міліцыянт: ) “Паваджаныя грамадзяне, гэтае мерапрыемства несанкцыянаванае, просьба разыходзіцца”.

Пакуль Аляксандар Мілінкевіч прамаўляў, непадалёк ад будынку быў затрыманы малады хлопец са сьцяжкамі Эўразьвязу, паведаміў ягоны сябар з крывёй на вуснах:

(Хлопец: ) “Яны нас заламалі і пацягнулі ў машыну. І цяпер майго сябра адвозяць”.

Пасьля мітынгу Аляксандар Мілінкевіч пайшоў да міліцэйскіх аўтобусаў і машынаў вызваляць гэтага хлопца, адчыніў дзьверы службовай машыны і спытаўся ў афіцэра:

(Мілінкевіч: ) “Я хацеў бы са старшым афіцэрам перамовіцца”.

(Міліцыянт: ) “Прабачце, калі ласка, я ні на якія пытаньні адказваць ня буду”.

Пазьней стала вядома, што затрыманы яшчэ пяць актывістаў гарадзкога штабу Мілінкевіча. І ён асабіста паехаў у РУУС Партызанскага раёну вызваляць іх, але там сказалі, што ня ведаюць, дзе затрыманыя.

Мілінкевіч сустракаецца з выбарцамі -- Трактарны завод











Мілінкевіч сустракаецца з выбарцамі -- кінатэатар "Берасьце", Менск





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG