Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка і іншыя актывісты правядуць ноч на Акрэсьціна


Радыё Свабода, Менск Лідэра БНФ і давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча Вінцука Вячорку трымаюць у спэцпрымальніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі апазыцыянэра разам з чатырма сябрамі штабу ў дарозе, калі тыя перавозілі гукаўзмацняльную апаратуру пасьля сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбарнікамі ля кінатэатру “Берасьце”. Празь дзьве гадзіны затрымалі яшчэ пяцёх актывістаў штабу Мілінкевіча ля Палацу культуры трактарнага заводу.

Вінцук Вячорка і іншыя затрыманыя правядуць ноч у спэцпрымальніку на вуліцы Акрэсьціна. Раніцай іх маюць прывезьці ў суды для разгляду адміністрацыйных справаў. Паводле міліцыянтаў, апазыцыянэраў абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. Ім пагражае штраф альбо арышт тэрмінам да 15 сутак. Некалькі гадзінаў у дзяжурных частках сваякам нічога не казалі пра месца знаходжаньня затрыманых. Маці Вінцука Вячоркі патэлефанавалі на мабільны тэлефон і сказалі некалькі словаў. Аляўціна Сямёнаўна расказала “Свабодзе”:

(Вячорка: ) “Так мне сказалі: “Гэта зь міліцыі. Усё добра. Вы не хвалюйцеся, ён на Акрэсьціна”. Што ж тут добрага? Заўтра будуць судзіць. Відаць, ён папрасіў, каб мне патэлефанавалі. Арына цяпер едзе да мяне віншаваць. Франак ужо быў. Дома там нікога няма. Вось, відаць, ён і папрасіў, каб сюды патэлефанавалі. Вось і сьвята 8-га Сакавіка. Ну, што вы, “жэншчын” мы любім”.

Вінцук Вячорка быў разам з чатырма сябрамі штабу Аляксандра Мілінкевіча ў мініаўтобусе, якім перавозілі гукаўзмацняльную апаратуру. Сябры затрыманых лічаць, што паколькі ніводнага зь іх дагэтуль не адпусьцілі на волю, то іх трымаюць разам зь Вінцуком Вячоркам у спэцпрымальніку.

Пасьля заканчэньня сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбарнікамі ля Палацу культуры трактарнага заводу супрацоўнікі міліцыі спачатку затрымалі школьніка, які раздаваў сьцяжкі Эўразьвязу. Аляксандр Мілінкевіч спрабаваў высьветліць лёс хлопчыка. Ён прайшоў зь людзьмі за будынак палацу, дзе стаялі міліцэйскія аўтобусы і так званыя “аўтазакі”. У гэты момант на ганку палацу затрымалі чатырох актывістаў менскага штабу кандыдата: Аляксандра Зялко, Сержука Ляпцэвіча, Арцёма Ліцьвінку і Зьмітра Кудраўцава.

У дзяжурнай частцы Партызанскага РУУС, куды наведаўся Аляксандар Мілінкевіч, паведамілі, што затрыманых да іх не прывезьлі і там ня ведаюць, дзе затрыманыя знаходзяцца. Аляксандар Мілінкевіч так пракамэнтаваў гэта “Свабодзе” ў пастарунку міліцыі:

(Мілінкевіч: ) “Краіна татальнага беззаконьня, таму што забірае міліцыя, яна ня ведае нічога, бо падразьдзяленьні самастойна працуюць і не падпарадкоўваюцца закону. Гэта абсалютная неадпаведнасьць ні Канстытуцыі, ні законам. Калі каго і затрымліваць, то толькі Мілінкевіча, бо арганізатарам быў я. Я ім гэта праз мэгафон сказаў. Калі органы міліцыі такое робяць, то закону ўжо няма ў краіне”.

9 сакавіка ў судах Маскоўскага і Партызанскага раёнаў будуць судзіць затрыманых актывістаў штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Паводле заканадаўства, за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве іх могуць пакараць штрафам або арыштам да 15 сутак.

Гл. таксама • Дзярждэпартамэнт ЗША: улады Беларусі груба парушаюць правы чалавека
XS
SM
MD
LG