Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне "Свабоды": ці могуць у Беларусі абраць прэзыдэнтам жанчыну?


Радыё Свабода, Менск Ці магчыма, каб у Беларусі абралі на прэзыдэнта жанчыну? Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задавала наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што ў Беларусі жанчына можа быць прэзыдэнтам, бо на жанчыну цяпер шмат ускладзена. Гэта і сям’я, і дзеці, і праца цяжкая, а таму я лічу, што жанчына можа быць і прэзыдэнтам”.

(Спадар: ) “Мужчынам гэта ня вельмі падабаецца. Таму, з аднаго боку, гэта вельмі добра, але як для падначаленага, дык, пэўна, не заўсёды жанчыны-кіраўнікі падабаюцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можа ў Беларусі жанчына быць прэзыдэнтам, і калі так, то калі гэта можа быць?”

(Спадар: ) “Ну, калі мы будзем бачыць на палітычнай арэне жанчыну, можа быць. У блізкай, агляднай будучыні я пакуль што ня бачу, няма такой жанчыны”.

(Спадар: ) “Можа, сто адсоткаў. Жанчыны ўжо даўно дамагліся роўнасьці з мужчынамі і нават перасягнулі іх. Сур’ёзна”.

(Юначка: ) “Я думаю, што магчыма. Таму што я лічу, ня важна — мужчына альбо жанчына прэзыдэнт, галоўнае, каб нешта рабілася”.

(Юнак: ) “Ці можа быць жанчына прэзыдэнтам? Думаю, што можа быць жанчына прэзыдэнтам. Вельмі часта размаўляю з рознымі людзьмі, асабліва жанчынамі, і высьвятляецца, што жанчыны ў нас больш ініцыятыўныя. Калі гэта можа быць? Калі першая жанчына паспрабуе прапанаваць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта”.

(Спадар: ) “Ад жанчын як ад кіраўнікоў спрабуюць адмовіцца, не зважаючы на тое, што ў пэўных абставінах іх прызначаюць кіраўнікамі. Прычынаў тут шмат, а ўвогуле для паўнаты выкананьня абавязкаў прэзыдэнта гэтую ролю павінен выконваць усё ж такі мужчына”.

(Юначка: ) “Наконт жанчыны-прэзыдэнта я ўсё ж лічу, што жанчына павінна займаць сваё месца ў сям’і зь дзецьмі. Таму што калі жанчына прысьвячае сябе працы, кар’еры, то яна забываецца пра дзяцей, пра сваю сям’ю. У нас павінна быць жанчына ўсё-такі найперш маці”.

(Спадар: ) “У прынцыпе, жаночы розум, ён такі гнуткі. Можа быць — вядома, можа”.

(Юначка: ) “Ды не, жанчына ня можа быць прэзыдэнтам. Жанчына паводле сваёй прыроды паветраная, лёгкая, узьнёслая і рамантычная. А для таго, каб кіраваць дзяржавай, патрэбная жорсткая рука”.

(Юнак: ) “Цяпер гэта немагчыма, бо жанчынам не дадуць улады. Таму што гэтая ўлада, якая цяпер, яна ні жанчынам, ні мужчынам іншым сваёй улады не аддасьць”.
XS
SM
MD
LG