Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: старшыню райвыканкаму не спадабаўся выраз “новы прэзыдэнт”


Радыё Свабода, Віцебск Старшыня Кастрычніцкага райвыканкаму Віцебску спадар Канявалаў аддаў загад не разьмяшчаць агітацыйных матэрыялаў пра Аляксандра Мілінкевіча. Пра гэта ён заявіў назіральніцы пры выбарчай раённай камісіі, намесьніцы старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алене Залескай.

Алена Залеская – прыхільніца Аляксандра Мілінкевіча. Некалькі дзён запар яна развозіла агітацыйныя матэрыялы кандыдата па тых месцах, якія для гэтага вызначаныя райвыканкамам. Паводле словаў Залескай, яе дзеяньні вельмі часта ня мелі ніякага плёну.

(Залеская: ) “Учора мы паспрабавалі разьвесіць плякаты з партрэтам Мілінкевіча і ягоную праграму ў месцах, вызначаных райвыканкамам. У тэхналягічным унівэрсытэце мяне пратрымалі 30 хвілін, а потым сказалі: “Не, мы гэта разьвешваць ня будзем. Мы пашлём усё гэта на экспэртызу, каб высьветліць, ці сапраўды ёсьць такі прадпрымальнік, які гэта надрукаваў”. Паехала адтуль у “Маскоўскую” краму. Таксама – ні за што!”

Чаму дзяржаўныя ўстановы і чыноўнікі так робяць, спадарыня Залеская паспрабавала высьветліць на паседжаньні раённай выбарчай камісіі. Там ёй патлумачылі, што ўсе кандыдаты павінны мець роўныя ўмовы, і таму пра іх усіх выдадзены агульны плякат з партрэтамі і біяграфіямі. Менавіта яго рэкамэндавана разьмяшчаць для агітацыі выбарцаў.

Пра тое, чаму нельга разьвешваць іншыя друкаваныя матэрыялы, Алена Залеская вырашыла папытацца беспасярэдне ў старшыні Кастрычніцкага райвыканкаму спадара Канявалава.

(Залеская: ) “Хадзіла, хадзіла я па кабінэтах, усе мяне адштурхоўваюць і адштурхоўваюць. Прарвалася да Канявалава, і ён мне так сказаў: “На плякаце напісана “новы прэзыдэнт”. Ён можа толькі пасьля 20-га сябе так называць!” Я кажу: “Але ж ЦВК зацьвердзіў гэтыя плякаты!” Адказвае: “Ну і што! ЦВК, можа, проста не хацеў пачынаць скандалу. А мы ня будзем гэтага вешаць!”

Алена Залеская зьвярнула ўвагу старшыні райвыканкаму яшчэ й на тое, што на выданьне не ўпадабаных ім плякатаў былі выдаткаваныя дзяржаўныя грошы, але спадар Канявалаў, паводле ейных словаў, ніяк не адрэагаваў і на гэты аргумэнт.
XS
SM
MD
LG