Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя сацыёлягі пра рэйтынг кандыдатаў на прэзыдэнта


Радыё Свабода Група незалежных сацыёлягаў пад кіраўніцтвам прафэсара Алега Манаева правяла ў лютым апытаньне грамадзкай думкі. Сацыёлягі пацікавіліся, за каго з чатырох кандыдатаў на прэзыдэнта гатовы аддаць галасы беларускія выбарцы.

Паводле вынікаў апытаньня, за Аляксандра Лукашэнку ў лютым гатовыя былі галасаваць 58,6% выбарцаў, за Аляксандра Мілінкевіча — 16,5%, за Аляксандра Казуліна — 6,4%, а за Сяргея Гайдукевіча — 4,5%.

Прафэсар Манаеў зьвяртае ўвагу на тое, што апытаньне правялі яшчэ да першых тэлевізійных выступаў кандыдатаў. Цяпер рэйтынг можа быць іншым. Гаворыць Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “Я думаю, што пэўныя зьмены могуць быць. Бо нагадаю, што гэтыя дасьледаваньні былі зробленыя да першых выступаў па тэлебачаньні. Выступы кандыдатаў па тэлебачаньні 22 лютага і 2 сакавіка, выступы па радыё, спробы прайсьці на Ўсебеларускі сход Казуліна — усё гэта ўплывае на грамадзкую думку. Я думаю, што за гэты час вырасьці рэйтынгі могуць — перадусім, Мілінкевіча і Казуліна”.

Алег Манаеў тлумачыць даволі высокую падтрымку Лукашэнкі прапагандысцкай кампаніяй у яго падтрымку у дзяржаўных СМІ, а таксама перадвыбарчымі сацыяльнымі акцыямі кшталту падвышэньня пэнсіяў, стыпэндыяў, заробкаў і г.д. Пры гэтым аўтары дасьледаваньня гавораць, што больш за 39% патэнцыйных выбарцаў Аляксанддра Лукашэнкі могуць зьмяніць сваю думку і пры пэўных умовах не прагаласаваць за яго. Якія галоўныя высновы гэтага дасьледаваньня? Прафэсар Манаеў працягвае:

(Манаеў: ) “Хаця і высокі рэйтынг у прэзыдэнта, але не такі, пра які гавораць дзяржаўныя службы — ад 76 да 80%. І не такія малыя рэйтынгі, як пра тое гавораць дзяржаўныя службы, у альтэрнатыўных кандыдатаў. Яны ім даюць 3—4% кожнаму. Таму задача ў тым, каб падчас галасаваньня даказаць і паказаць беларускаму народу, беларускім выбарцам, і ня толькі беларускім, сапраўдны вынік”.

Прафэсар Манаеў таксама гаворыць, што адметнасьць гэтай кампаніі — тое, што ў Беларусі засталося вельмі мала людзей, якія яшчэ не зрабілі свайго выбару.

Сёньня апошні дзень, калі заканадаўства дазваляе публікаваць вынікі апытаньняў, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі.
XS
SM
MD
LG