Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нясьвіжы — ператрусы на кватэрах “маладафронтаўцаў”


Радыё Свабода У Нясьвіжы ўвечары 7 сакавіка міліцыянты правялі ператрусы ў кватэрах мясцовых дэмакратычных актывістаў. Ператрусы зьвязаны з расьсьледаваньнем справы мясцовых маладафронтаўцаў.

Нясьвіскія міліцыянты наведалі кватэру мясцовай актывісткі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Насты Азаркі — яна кажа, што ёй прад’явілі пастанову аб дазволе на ператрус:

(Азарка: ) “На падставе завядзеньня крымінальнай справы — таго, што я знаходжуся ў незарэгістраванай арганізацыі. Яны шукалі налепкі, буклеты, праграмы. Але гэтага ў мяне не было. У мяне былі газэты і праграмы, усе старыя. Яны ўзялі з сабою незапоўненыя анкеты “Маладога фронту”, улёткі з часу рэфэрэндуму, нататнік, падшыўкі “Народнай Волі”, “Нашай Нівы”, старую праграму “Маладога фронту”. І, самае галоўнае, яны забралі з сабой кнігу Паўла Севярынца “Пакаленьне “Маладога фронту”.

У той жа вечар міліцыянты наведалі кватэру лідэра мясцовай суполкі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алеся Язьвінскага. Яму таксама прад’явілі ордэр на ператрус у сувязі з расьсьледаваньнем крымінальнай справы “маладафронтаўкі” Насты Азаркі.

(Язьвінскі: ) “Дык вось, па гэтай справе на падставе таго, што яна сказала, што супрацоўнічала са мной, яны прыйшлі шукаць прадметы, якія пацьвярджаюць гэта. У мяне тут ад канца 1980-х гадоў захоўваецца шмат розных папераў. Яны самі ня ведалі, што браць, бо цяжка разабрацца ў паперах. Але дакумэнтаў арганізацыі яны не ўзялі, бо я сказаў: “Вы што, закрываць арганізацыю зьбіраецеся?”. Яны ўзялі розныя ўлёткі рознага часу, розныя налепкі рознага часу, розныя газэты — зарэгістраваныя, незарэгістраваныя, якія мне дасылаюць з усіх куткоў — напрыклад, з Крычава, з Гомелю, з Пухавічаў. Больш, вядома, іх цікавілі матэрыялы цяперашніх выбараў. Напрыклад, там была ўлётка асамблеі няўрадавых арганізацыяў”.

У нясьвіскай міліцыі камэнтаваць удзел яе супрацоўнікаў у ператрусах на кватэрах Насты Азаркі і Алеся Язьвінскага адмовіліся. Гаворыць дзяжурны райадзьдзелу міліцыі:

(Дзяжурны: ) “Я ня ведаю. Я вам гэтага не магу патлумачыць”.

Тым часам, справа нясьвіскіх актывістаў “Маладога фронту” Максіма Кокарава і Ўладзімера Хоміча расьсьледуецца ў суседнім Клецку. Паводле спадара Хоміча, у лютым мясцовыя міліцыянты затрымалі іх за нанясеньне графіці палітычнага зьместу, а ўчора паведамілі, што на іх завялі крымінальную справу за “псаваньне дзяржаўных будынкаў”.
XS
SM
MD
LG